Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся ўказ аб разьвіцьці мясной галіны Беларусі — ізноў за кошт бюджэту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Працэнты на крэдыты будуць пагашацца з агульнадзяржаўнага і абласных бюджэтаў.

Партал Pravo.by 7 студзеня апублікаваў указ Аляксандра Лукашэнкі «Аб разьвіцьці мясной галіны», у якім прадугледжаныя чарговыя льготы беларускім аграрыям.

Арганізацыям, якія будуюць жывёлагадоўчыя комплексы, дзяржаўны Банк разьвіцьця мае даваць крэдыты на тэрмін, ня большы за 20 гадоў, пад працэнт у памеры стаўкі рэфінансаваньня. Пры гэтым працэнты на крэдыт будуць пагашацца коштам агульнадзяржаўнага і абласных бюджэтаў.

«Арганізацыям, уключаным у пералік у якасьці атрымальнікаў крэдытаў, штомесяц надаюцца субсыдыі на выплату працэнтаў за карыстаньне крэдытамі (далей — субсыдыі) за кошт сродкаў: рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя пытаньні ў галіне сельскай гаспадаркі, у памеры 50% стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банку, якая дзейнічае (з улікам яе зьмены) у адпаведным пэрыядзе налічэньня працэнтаў; адпаведных абласных бюджэтаў, прадугледжаных на іншыя пытаньні ў галіне сельскай гаспадаркі, у памеры 50% стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банку, якая дзейнічае (з улікам яе зьмены) у адпаведным пэрыядзе налічэньня працэнтаў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Да моманту разьлічэньня з Банкам разьвіцьця жывёлагадоўчыя фэрмы будуць знаходзіцца ў закладзе ў Банку разьвіцьця.

Крэдыты будуць выдаваць пры пэўных умовах — наяўнасьць кармавой базы, працоўных рэсурсаў, зважаючы на тэрміны будаўніцтва і загрузку жывёлагадоўчых комплексаў.

Дзяржаўная праграма «АПК будучыні» прадугледжвае дзяржаўнае фінансаваньне АПК Беларусі ў памеры 119,039 млрд. рублёў у 2026–2030 гадах, паведаміла дзяржаўнае выданьне «Беларусь сегодня».

У пастанове ўраду «Аб дзяржаўнай праграме „Аграрны бізнэс“» прадугледжвалася, што ў 2025 годзе фінансаваньне аграрнай галіны складзе 64 млрд. рублёў. Потым гэтую суму карэктавалі.

Усяго ў 2021–2025 гадах прадбачвалася, што фінансавае забесьпячэньне складзе 306 млрд. рублёў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG