Павал Севярынец: «Дзядок трымаўся ў турме ўзорна. Кажу вам, гэта быў „Галівуд“»

Мікола Дзя

Экс-палітвязень, палітык Павал Севярынец успомніў, што Мікола Дзядок быў першы з палітвязьняў, каго ён убачыў у турме ўвосені 2020 году. І расказаў пра нязломнасьць Міколы.

Як успомніў Павал Севярынец у допісе на сваім канале, тая сустрэча адбылася на «Валадарцы», «якую цяпер разносяць па цаглінах, у спэцкалідоры, дзе трымалі пажыцьцёва асуджаных і асабліва небясьпечных».

Улетку 2024 году Севярынец сустрэў Дзядка ўжо на пакараньні ў Горадзенскай крытай турме: тады ўсіх «палітычных» бесьперапынна адпраўлялі на «содні» перад прэзыдэнцкімі выбарамі, якія ў выніку ўлады сфальшавалі на карыстьць Лукашэнкі.

«Мікола трымаўся ў турме ўзорна. Кажу вам, гэта быў проста Галівуд. Месяцамі ў ШЫЗА і „адзіночках“. Годна, проста і ясна, па-беларуску, размаўляў і з адміністрацыяй, і зь сябрамі, і з „блатнымі“. Гучна падтрымліваў суседзяў. Распавядаў навіны. Сьведчыў пра Бога.

Такую праверачку, паверце, пройдзе далёка ня кожны.

Колькі разоў адміністрацыя спрабавала яго зламаць, „апусьціць“, справакаваць, маральна зьнішчыць. Але Дзядка было, як кажуць у турме, „ня ўзяць“».

Цяпер як Севярынец, так і Дзядок апынуліся за мяжою, куды іх прымусова вывезьлі зь Беларусі пасьля турэмнага зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прабачаю тым, хто катаваў мяне». Севярынец на сустрэчы ў Вільні гаварыў пра шлях перамен у Беларусі. ФОТА


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня мелі агентуры сярод сілавікоў», — Дзядок аналізуе памылкі 2020 году