КДБ спрабаваў завэрбаваць праваабаронцу Танкачову. Затым яе выслалі зь Беларусі

Алена Танкачова

Цяпер жанчына ў Расеі, куды яе выслалі.

Вядомая ў мінулым праваабаронца Алена Танкачова праз шмат гадоў зноў была высланая зь Беларусі. Цяпер яна знаходзіцца ў Расеі, грамадзянства якой мае. Пра гэта Reform.news расказала яе дачка Кацярына Данэйка.

Танкачова каля 10:30 раніцы 29 студзеня выйшла выгуляць сабаку, і тады яе затрымала група захопу. Затрыманьне адбылося каля пад’езду дома ў Менску. Да 14.00 праводзіўся ператрус. Сілавікі шукалі «прадметы, дакумэнты і іншыя абставіны, якія былі б зьвязаныя з падтрымкай экстрэмісцкай дзейнасьці як унутры Беларусі, так і за яе межамі».

Затым яе дапыталі ў якасьці «сьведкі» ў гарадзкім упраўленьні КДБ. Допыт доўжыўся да прыкладна 1.30 30 студзеня. Увесь гэты час праваабаронцу спрабавалі схіліць да супрацы.

«Гэта значыць, іх цікавілі праваабарончыя групы за мяжой і ўнутры краіны. У першую чаргу. І пытаньні таго, якім чынам арганізаваная або існуе донарская дапамога. Ад супрацы адмовілася», — расказала Алена.

Раніцай Алене Танкачовай паведамілі, што яе дэпартуюць з краіны. У Танкачовай засталося расейскае грамадзянства, але яна больш за 35 гадоў жыве ў Беларусі.

Праваабаронца падзякавала ўсім, хто дапамог ёй у гэтыя дні, хто паклапаціўся пра хатніх жывёл, дапамог купіць білеты.

«Асноўная задача была — падпісаньне дакумэнтаў пра супрацу і далейшым патэнцыйным данясеньні на маіх калег і сяброў, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь зь вядомых прычынаў. Ад гэтага я адмовілася. Мне было сказана, што ўсе далейшыя наступствы — гэта вынік майго рашэньня адмовы ад супрацы», — патлумачыла яна.

Алена Танкачова папярэджвае, што яе тэхніка знаходзіцца ў КДБ, і магчымыя правакацыі.

«Буду ўдзячная за наступнае папярэджаньне, якое прашу СМІ апублікаваць у поўным аб’ёме. Усе людзі, якія былі са мной у камунікацыі, у сьпісе маіх кантактаў (у тэлефоннай запісной кніжцы, ва ўсіх мэсэнджарах), калі ласка, выдаліце кантакты мае. Мой тэлефон і мае два кампутары знаходзяцца ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Любыя кантакты з маіх уліковых запісаў, у тым ліку электронную пошту, выключыць са сваіх спісаў кантактаў у мэтах бясьпекі. Дзякую за разуменьне», — паведаміла Танкачова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларус ня вельмі абаронены ў сваёй краіне, а мігрант абаронены ўдвая менш», — экспэртка пра ахвяраў і дэпартацыі

Алена Танкачова больш за 30 гадоў актыўна займалася прасоўваньнем і абаронай правоў чалавека ў Беларусі. У 1996 годзе яна заснавала «Цэнтар прававой трансфармацыі».

Гісторыя з дэпартацыяй зь Беларусі — ужо другая ў жыццьі Танкачовай. 13 лістапада 2014 году ўлады анулявалі ейны дазвол на жыхарства і выслалі з краіны. Фармальна за перавышэньне хуткасьці, хоць Танкачова аспрэчвала рашэньне аб высылцы ў судзе. У Беларусь яна змагла вярнуцца толькі ў лютым 2018 году, і да пачатку 2026 году заставалася ўнутры краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ камэнтуе 5 канкрэтных сытуацыяў беларусаў у выгнаньні: дэпартацыя, праблемы зь візай і рахункам, шлюб і нараджэньне дзіцяці