Амэрыканскі мільянэр Эпштэйн атрымліваў візы ў Беларусь і, праўдападобна, наведваў краіну некалькі разоў

Джэфры Эпштэйн, архіўны здымак

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала чарговую партыю дакумэнтаў, якія атрымалі ў прэсе назву «файлаў Эпштэйна». У іх ёсьць і згадкі Беларусі.

У апублікаваных дакумэнтах ёсьць візавыя анкеты, якія Джэфры Эпштэйн запаўняў перад прыездам у Беларусь. Ён падаваў дакумэнты на атрыманьне кароткатэрміновай візы ў 2016 годзе.

У анкеце пазначаныя пашпартныя зьвесткі, пасада прэзыдэнта Southern Trust Company на Віргінскіх астравах і адрас пражываньня Эпштэйна на іх.

Дата меркаванага візыту ў анкеце — 3-8 траўня 2016 году. У графе «Мэта візыту» ад рукі напісана: «Пошук бізнэсу для інвэставаньня».

Адрас, на якім жыве асоба, якая запрашае Эпштэйна, пазначаныя Менск, вуліца Карыцкага, дом 8, кватэра 5. Гэта адрас сям'і ягонай тагачаснай дзяўчыны-беларускі Карыны Шуляк, якая вучылася ў Беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце і некалькі гадоў была дзяўчынай Эпштэйна. Шуляк падтрымлівала кантакт з Эпштэйнам да самага часу ягонай сьмерці ў турме.

Газэта Daily Mail раней пісала, што Эпштэйн аплаціў дарагое лячэньне маці Карыны і дапамог з грашыма для дому яе бацькоў, якія жылі ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падаў пазоў на $10 млрд супраць The Wall Street Journal і яе ўладальнікаў

Сярод файлаў ёсьць і ліст самой Карыны Шуляк у генэральнае консульства Беларусі ў Нью-Йорку, накіраваны 24 красавіка 2016 году. Гэты суправаджальны ліст для пакету дакумэнтаў да заяўкі на візу. Шуляк запэўнівае консульства, што гэта яна запрашае Эпштэйна наведаць Менск разам зь ёй 3-8 траўня і што ён будзе пражываць гэтыя дні разам зь яе сям’ёй. Як нагода для візыту дзяўчына паказвае, што мільянэр «зьбіраецца купіць кватэру» ў Менску.

Выданьне «Люстэрка» знайшло сярод апублікаваных дакумэнтаў ліставаньне Карыны Шуляк па электроннай пошце з памочніцай Эпштэйна — Лэсьлі Гроф. Чатыры файлы датаваныя 7-8 верасьня 2015 году. Шуляк пісала, што «Джэфры хоча новую беларускую візу», якую трэба аформіць у паскораным парадку, і яна ўжо заўтра панясе яго дакумэнты ў пасольства, а таму просіць Гроф тэрмінова падрыхтаваць візавую заяўку і іншыя паперы.

З абмеркаваньня дэталяў вынікае, што Эпштэйн раней ужо меў візу Беларусі, але не наведаў краіны. Шуляк папрасіла ўказаць працягласьць запытанай візы на 90 дзён — з 11 верасьня па 8 сьнежня, а працягласьць заплянаванага візыту — 15 дзён. Таксама яна папрасіла Гроф упісаць у анкету якія-небудзь авіярэйсы, якімі мільянэр нібыта паляціць у Менск (купляць квіткі для візы не патрабавалася).

У дакумэнтах няма інфармацыі, ці атрымаў Эпштэйн візу тым разам і ці наведваў Беларусь у гэты пэрыяд. Але пазьней яму спрабавалі аформіць тую самую візу на травень 2016 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША затрымалі ахоўнікаў турмы, дзе абвінавачаны ў пэдафіліі мільярдэр учыніў самагубства


  • Джэфры Эпштэйн — фінансіст, які абвінавачваўся ў стварэньні сеткі вярбоўкі і сэксуальнай эксплюатацыі непаўналетніх дзяўчат, якая дзейнічала шмат гадоў. У 2005 годзе Эпштэйн быў першы раз арыштаваны па абвінавачваньні ў разбэшчваньні 14-гадовай дзяўчынкі, паліцыя выявіла дзясяткі меркаваных ахвяр, аднак пракуратура ў таямніцы ад ахвяр дамовілася аб пазасудовай зьдзелцы, і фінансіст атрымаў 1,5 гады турмы і дазвол рэгулярна адлучацца зь яе па справах. У 2019 годзе Эпштэйн быў зноў арыштаваны ФБР і пакончыў з сабой у турме, знаходзячыся пад арыштам. Яго саўдзельніца Гіслейн Максьвел была асуджаная ў 2021 годзе і адбывае 20-гадовы тэрмін.