Алімпійскія гульні пройдуць у Міляне і Картына д’Ампэцца, што на поўначы Італіі. Асобныя віды будуць праводзіцца ў іншых мястэчках, так што, нягледзячы на тое, што ў афіцыйнай назьве толькі два населеныя пункты, насамрэч іх будзе восем. Акрамя названых, гэта Антгальц-Антэрсэльва, Лівіньё, Борміё, Тэзэро, Прэдацца і Вэрона.
Адлегласьць паміж алімпійскімі аб’ектамі складзе звыш 300 км, такім чынам, Алімпіяда, якая стартуе ўжо 6 лютага, стане самай «шырокай» у гісторыі — ніколі дагэтуль алімпійскія аб’екты не займалі настолькі вялікага абшару. Акрамя таго, на цяперашніх Гульнях будзе цэлых шэсьць алімпійскіх вёсак, такой колькасьці таксама раней не бывала.
Аднак таксама цяперашнія Алімпійскія гульні могуць паставіць рэкорд з адназначным знакам «мінус». Пытаньне тычыцца навакольнага асяродзьдзя. Рост тэмпэратуры паветра і хуткае таяньне сьнегу змушаюць арганізатараў спаборніцтваў у зімовых відах спорту карыстацца ўстаноўкамі для штучнага сьнегу. Арганізацыйны камітэт Алімпіяды ў Міляне і Картыне д’Ампэцца назваў лічбы: на Гульнях створаць 2,4 млн кубічных мэтраў штучнага сьнегу, а дзеля гэтага будуць патрэбныя каля 1 млн кубічных мэтраў вады.
У спавешчаньні, якое атрымала сымбалічную назву Olympics Torched («спаленая Алімпіяда», што ёсьць лёгка зьмененай формай ад Olympic Torch — алімпійская паходня — заўв. Свабоды), навукоўцы падлічылі, што ў час арганізацыі Гульняў выкіды ў паветра складуць каля 930 000 тонаў вуглякіслага газу. А гэта спрычыніцца да страты 2,3 кв. км сьнежнага покрыва і больш за 14 млн т ледавіковага лёду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Алімпійскіх гульнях возьмуць удзел як мінімум сем чалавек зь Беларусі. Усе ў нэўтральным статусе, усе жанчыныЗаклапочанасьць у аўтараў дакумэнту выклікаюць і дамоўленасьці з фундатарамі Алімпіяды, бо гэта кампаніі, дзейнасьць якіх зьдзяйсьняе моцны ўплыў на прыроду. Гэта італьянскі нафтагазавы гігант Eni, вытворца аўтамабіляў Stellantis і авіякампанія ITA Airways. Як адзначаюць адмыслоўцы, прадпрыемствы падобнага кірунку заўсёды спрабуюць супрацоўнічаць з буйнымі турнірамі, каб паказваць сваю шырокую грамадзкую дзейнасьць і адцягваць увагу ад вялікай шкоды асяродзьдзю, якую яны прыносяць.
Асноўны аўтар дакумэнту Сьцюарт Паркінсан падкрэсьліў, што для кожнага, хто наведвае горы, відавочна, што сьнегу там становіцца меней.
Згодна з аналізам Climate Central, лютаўская тэмпэратура ў гэтым італьянскім рэгіёне павысілася ў сярэднім на 3,6 градуса Цэльсію з моманту правядзеньня папярэдніх зімовых Алімпійскіх гульняў у Картына-д’Ампэцца ў 1956 годзе.
З таго часу сярэдняя колькасьць марозных дзён у годзе скарацілася амаль на 20%, а сярэдняя глыбіня сьнегу ў лютым зьменшылася прыкладна на 15 см з пачатку 1970-х гадоў. Тым часам у Міляне сярэдняя лютаўская тэмпэратура павялічылася на 3,2 градуса зь сярэдзіны 1950-х гадоў.
Паводле ацэнак, за апошнія пяць гадоў у Італіі павышэньне тэмпэратуры прывяло да страты 265 гарналыжных курортаў. Італія не адзіная ў такім становішчы: у Францыі, якая прыме зімовыя Алімпійскія гульні 2030 году, давялося закрыць 180 гарналыжных курортаў, а ў Швайцарыі было зачынена 55 пад’ёмнікаў і канатных дарогаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьцейскай вобласьці два батанічныя помнікі прыроды аб’ядналі ў адзін і значна скарацілі плошчу