У Польшчу трэці раз за тыдзень заляцелі паветраныя балёны зь Беларусі

Польскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю

Пасьля Літвы з праблемай частых прылётаў мэтэазондаў сутыкнуліся палякі.

У ноч на 1 лютага польскія вайскоўцы зафіксавалі ўварваньне ў паветраную прастору краіны аб’ектаў, падобных на паветраныя балёны. Аб’екты заляцелі з боку Беларусі. Пра гэта паведаміла Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы, перадае Польскае радыё.

Палёты адсочваліся з дапамогай вайсковых радыёлякацыйных сыстэмаў. У камандаваньні падкрэсьлілі, што зафіксаваныя аб’екты ня несьлі пагрозы бясьпецы польскай паветранай прасторы.

Польскія ўзброеныя сілы застаюцца ў пастаяннай гатоўнасьці і знаходзяцца ў кантакце з усімі адпаведнымі службамі, перадаючы сабраныя зьвесткі аб назіраных аб’ектах.

Гэта ўжо трэці за тыдзень выпадак, калі польскія вайскоўцы фіксуюць паветраныя аб’екты над краінай. Раней гэта здаралася ў ноч на 28 студзеня, потым на 31 студзеня. Да таго ў студзені былі й іншыя выпадкі.

Раней Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэньняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

«Беларускі бок атрымаў вельмі выразны сыгнал пра тое, што мы не ўхваляем падобныя дзеяньні», — цытавалі СМІ прэс-сакратара МЗС Мацея Вевіёра. Але, нягледзячы на такія заявы польскіх уладаў, прылёты ня толькі не спыніліся, але нават пачасьціліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Літвы заявілі, што праз аднаўленьне запуску паветраных балёнаў зь Беларусі зноў могуць закрыць мяжу


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія ўлады падпісалі кантракт на сыстэму абароны ад бесьпілётнікаў