Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ўлады падпісалі кантракт на сыстэму абароны ад бесьпілётнікаў

Дональд Туск
Дональд Туск

Гэта найбуйнейшая інвэстыцыйная праграма ў польскім войску — праз два гады Польшча будзе мець гатовую сыстэму барацьбы зь бесьпілётнікамі, якая дапоўніць наяўную сыстэму супрацьпаветранай абароны.

Пагадненьне аб антыдронавай сыстэме SAN падпісанае ў Кабылцы пад Варшавай, у прысутнасьці прэм’ер-міністра Дональда Туска і віцэ-прэм’ера Ўладыслава Касіняка-Камыша, паведамляе «Польскае радыё».

«У Эўропе няма іншай падобнай сыстэмы супрацьдзеяньня бесьпілётнікам», — сказаў Дональд Туск на цырымоніі падпісаньня дамовы.

Кантракт падпісалі Агенцтва ўзбраеньняў, якое адказвае за закупы вайсковай тэхнікі, і аб’яднаньне фірмаў, што складаецца з PGZ (Польскай групы ўзбраеньняў), фірмы APS (Advanced Protection Systems) і нарвэскай кампаніі Kongsberg.

Як адзначыў Туск, новая зэнітная сыстэма дазволіць больш эфэктыўна і эканомна змагацца з варожымі бесьпілётнікамі.

«Гэта быў наш страшны сон, калі першыя напады бесьпілётнікаў паказалі, наколькі неадэкватнымі былі адказы — зьнішчальнікі, ракеты, каб зьбіць дроны. SAN дазволіць рэагаваць інакш — таньней, разумней і эфэктыўней — на паветраныя атакі».

У праекце будуць удзельнічаць у першую чаргу польскія кампаніі, абяцаў прэм’ер.

Уся праграма мае быць завершана цягам двух гадоў, яе кошт, паводле неафіцыйнай інфармацыі, ацэньваецца амаль у 15 мільярдаў злотых. Мэта сыстэмы SAN — дапаўняць супрацьпаветраную абарону Польшчы.

У 2025 годзе Варшава заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці бесьпілётнікаў каля мяжы з Беларусьсю.

Польшча назірала актывізацыю дронаў каля мяжы зь Беларусьсю мінулай начы, паведаміў кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністарцыі краіны Марцін Кервіньскі 18 верасьня, піша Reuters.

Гэта адбывалася падчас поўнага закрыцьця мяжы перад беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі «Захад-2025», якія скончыліся 16 верасьня.

  • 10 верасьня 2025 году прэм’ер Польшчы Дональд Туск на тэрміновым пасяджэньні ўраду заявіў, што ноччу паветраную прастору краіны парушыла шмать расейскіх бесьпілётнікаў. Тыя зь іх, якія несьлі непасрэдную пагрозу, былі зьбітыя. На ягоную думку, гэта было маштабнай правакацыяй.
    Туск сказаў, што Польшча знаходзіцца «ў сытуацыі, найбліжэйшай да ўзброенага канфлікту, з часоў Другой усясьветнай вайны».
  • У той жа дзень начальнік Генэральнага штабу, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка заявіў, што ўначы беларускія сілы зьбівалі на сваёй тэрыторыі «дроны, якія заблукалі ў працэсе ўзаемнага абмену ўдарамі паміж Расеяй і Ўкраінай», і папярэдзілі аб пагрозе суседнія краіны — Польшчу і Літву. Паводле яго, гэта дазволіла Польшчы «апэратыўна адрэагаваць на дзеяньні бесьпілётнікаў». Муравейка адзначыў, што дроны перамясьціліся на тэрыторыю Беларусі і Польшчы нібыта ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG