Значная частка Ўкраіны абясточаная праз збой у энэргасыстэме; Малдова таксама часткова без сьвятла

Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 31 студзеня ў Кішынёве і іншых населеных пунктах Малдовы адбыліся адключэньні электрычнасьці. У міністэрстве энэргетыкі краіны патлумачылі, што гэта адбылося «з прычыны сур’ёзных праблем у электрасетцы Ўкраіны».

«З прычыны страты некаторых ліній электраперадач на тэрыторыі Ўкраіны была запушчана сыстэма аўтаматычнай абароны, якая адключыла электразабесьпячэньне», — заявілі ў ведамстве.

Мэр Кішынёва Іён Чэбан расказаў, што большая частка сталіцы засталася без электразабесьпячэньня: у некаторых раёнах не працуюць сьвятлафоры і стаяць тралейбусы.

Раніцай у энэргасыстэме Ўкраіны адбылася аварыя, у выніку якой была абясточана значная частка краіны. Па словах міністра энэргетыкі Дзяніса Шмыгаля, «адбылося тэхналягічнае парушэньне з адначасовым адключэньнем лініі 400 кВ паміж энэргасыстэмамі Румыніі і Малдовы і лініі 750 кВ паміж Заходняй і цэнтральнай часткамі Ўкраіны».

«Што пацягнула каскаднае адключэньне ў электраэнэргетычнай сетцы Ўкраіны і спрацоўваньне аўтаматычных абаронаў на падстанцыях. Былі разгружаныя блёкі атамных электрастанцый», — заявіў Шмыгаль.

Як піша «РБК-Украіна», сьвятло зьнікла ў Кіеве, Харкаве, Жытоміры, Віньніцы, Палтаве, Адэскай вобласьці і іншых рэгіёнах. У многіх гарадах таксама зафіксаваны перабоі з водазабесьпячэньнем з прычыны абясточваньня помпавых станцый. У Кіеве і Харкаве не працуе мэтро.

  • У пятніцу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што расейскія ўзброеныя сілы практычна перасталі наносіць удары па энэргетыцы краіны. Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША папрасіў Пуціна не абстрэльваць украінскую энэргасыстэму хаця б да 1 лютага і Пуцін нібыта пагадзіўся.