Зяленскі: Расея пакуль не атакуе энэргетыку, але цэліць па лягістыцы. У Харкаве пацярпела амэрыканская кампанія

Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў ноч з 29 на 30 студзеня расейскі войскі не абстрэльвалі энэргетычную інфраструктуру, але не спынілі ўдары па гарадах, аб’ектах прамысловасьці і лягістыкі.

«Фіксуем цяпер пераарыентацыю расейскай арміі на ўдары па лягістыцы. Таксама працягваюць удары дронамі па звычайнай забудове ў гарадах. Была выкарыстаная і балістычная ракета супраць Харкаўшчыны — пашкоджаныя склады звычайнай цывільнай вытворчасьці, і гэта амэрыканская кампанія», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, расейскія войскі працягваюць абстрэльваць Херсон, гарады Днепрапятроўскай вобласьці, і найбольш — Нікапаль. Складаная сытуацыя ў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласьцях, а таксама ў Кіеве, дзе пакуль ня могуць аднавіць цеплазабесьпячэньне вялікага раёну на Левым беразе Дняпра.

29 студзеня прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп у атачэньні дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё і кіраўніка Пэнтагону Піта Геґсэта расказаў пра сваю размову з Уладзімірам Пуціным. Трамп папрасіў яго не атакаваць Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Паводле Трампа, Пуцін пагадзіўся не рабіць гэтага цягам тыдня.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым звароце 29 студзеня падзякаваў «амэрыканскаму боку за намаганьні, каб у гэты час спыніць удары па энэргетыцы».

«Спадзяемся, што Амэрыцы ўдасца гэта забясьпечыць. Ёсьць сёньня заява прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Сытуацыя цяпер уначы і гэтымі днямі, рэальная сытуацыя на нашых аб’ектах энэргетыкі, у нашых гарадах гэта пакажа», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

Гэтаю зімою шэраг украінскіх гарадоў разам з сталіцай Кіевам апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы пасьля расейскіх ракетных атак. Расея б’е па энэргетычных аб’ектах Украіны, каб як мага больш украінцаў былі пазбаўленыя сьвятла і цяпла. У дварах украінскіх гарадоў зьяўляюцца адмысловыя пункты, дзе людзі могуць падсілкаваць свае мабільныя прылады і пагрэцца.

Адключэньні рэгулярныя і маштабныя. Мільёны ўкраінцаў штодня жывуць у халодных кватэрах і часта без магчымасьці карыстацца бытавой тэхнікай.

Пры гэтым расейцы надалей атакуюць таксама жылыя дамы і цягнікі. Нядаўнія трохбаковыя перамовы з удзелам Расеі, Украіны і ЗША на тэрыторыі ААЭ ніякага плёну не далі.

​
XS
SM
MD
LG