Ізноў мэтэазонды. Польшча другі раз на гэтым тыдні зафіксавала парушэньне паветранай прасторы з боку Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Пра «ўваходжаньне ў паветраную прастору Польшчы» у ноч на 31 студзеня аб’ектаў з боку Беларусі заявіла польскае Апэратыўнае камандаваньне відаў Узброеных сіл.

Аналіз парамэтраў палёту, як адзначыла вайсковая структура, дазволіў з высокай ступеньню верагоднасьці распазнаць іх як «аэрастаты, якія перамяшчаюцца ў адпаведнасьці з наяўнымі мэтэаралягічнымі ўмовамі».

«Палёты аб’ектаў бесьперапынна адсочваліся вайсковымі радыёлякацыйнымі сыстэмамі, — гаворыцца ў паведамленьні. — У мэтах гарантаваньня бясьпекі над Падляскім ваяводзтвам для грамадзянскай авіяцыі былі ўведзены часовыя абмежаваньні на выкарыстаньне часткі паветранай прасторы. Гэтыя дзеяньні мелі прэвэнтыўны характар і ажыцьцяўляліся ў адпаведнасьці з дзейнымі працэдурамі».

«Пагрозы бясьпецы паветранай прасторы Рэспублікі Польшча зафіксавана не было. Гэтая падзея з’яўляецца чарговай у сэрыі інцыдэнтаў гібрыднага характару, якія назіраюцца ва ўсходняй частцы Польшчы. Аператыўнае камандаванне родаў УС знаходзіцца ў сталым кантакце з адпаведнымі ўстановамі і службамі, ажыцьцяўляючы жывы абмен інфармацыяй і перадаючы даныя, якія тычацца зафіксаваных аб’ектаў. Сытуацыя ўвесь час маніторыцца, а УС Рэспублікі Польшча застаюцца ў гатоўнасьці да выкананьня задач, зьвязаных з абаронай польскай паветранай прасторы», — адзначыла структура.

  • Папярэдні раз, паводле інфармацыі Апэратыўнага камандаваньня родаў УС, паветраная прастора Польшчы была парушаная з боку Беларусі «у сераду, 28 студзеня 2026 года, у начны час».
  • На мінулым тыдні стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэньняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.
  • «Беларускі бок атрымаў вельмі выразны сыгнал пра тое, што мы не ўхваляем падобныя дзеяньні», — цытавалі СМІ прэс-сакратара МЗС Мацея Вевіёра.