У Кіеве, паводле зьвестак на 29 студзеня, усё яшчэ застаюцца безь цяпла 613 шматпавярховых дамоў. Працягваюцца і адключэньні электрычнасьці. Кампанія-пастаўнік электраэнэргіі заявіла, што горад пераходзіць да часовых графікаў адключэньня сьвятла. Гэта азначае, што ў кожнага дома будзе свой, індывідуальны, графік падачы энэргіі. З улікам вялікага дэфіцыту электрычнасьці ў сталіцы гэта ўжо вялікае дасягненьне, лічаць энэргетыкі. Пры гэтым у найбліжэйшыя дні ва Ўкраіне зноў чакаецца пахаладаньне: тэмпэратура можа апускацца да −30 °C. Пік маразоў прыпадзе на першыя дні лютага. Абвешчаны трэці ўзровень небясьпекі — чырвоны.
Your browser doesn’t support HTML5
Рэпартаж з «пункта нязломнасьці» ў Кіеве, які адкрылі беларускія валянтэры
У «пункт нязломнасьці» ў адным з двароў на левым беразе Кіева гараджанка Людміла прыйшла паесьці гарачага баршчу. У яе дома электрапліта, а сьвятло далі раніцай усяго на паўгадзіны: «Мама толькі трошкі падагрэла суп — і ўсё, выключылі. Прыйшлося бязь ежы быць. Гэта я сёньня зьдзівілася — о, ёсьць намёт! Добра, думаю, зайду, паем».
Гэты намёт для мясцовых жыхароў паставілі беларускія валянтэры. Алена Жаркевіч зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну ў 2020 годзе. На прэзыдэнцкіх выбарах яна была незалежнай назіральніцай. Пасьля разгону тагачасных пратэстаў актывістцы пагражала турма.
«Украіна — гэта краіна, якая выратавала маё жыцьцё і жыцьцё майго 12-гадовага сына, — апавядае Алена. — Таму, калі мы разам сустрэлі поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, то я не магла застацца ўбаку, і з самых першых дзён мы дапамагаем Украіне. Гэта нашая агульная вайна, гэта нашая агульная праблема, і таму беларусы побач».
Беларуска-ўкраінскі «намёт нязломнасьці»
У намёце беларускіх валянтэраў можна сагрэцца, зарадзіць гаджэты і падсілкавацца. Днямі абяцаюць уцяпліць падлогу, прывезьці «буржуйку» і яшчэ больш цёплых рэчаў. З гэтым дапамагаюць самі жыхары, кажа кіраўніца мясцовага самакіраваньня Яраслава Самойленка. Яна паказвае месца побач зь ейным домам, дзе нядаўна ўзарваўся расейскі дрон «Шахед»:
«Гэта мая кватэра. Вось уцяпляльнік мы паставілі сабе, але ўсё роўна [холадна] — рамы патрэсканыя, наскрозь прабітыя рамы. У мяне падаконьнік замёрзлы, балькон замёрзлы ў кватэры цалкам, там проста лёд. І таксама ў іншых людзей, маіх суседзяў».
У суседнім доме ацяпленьня і электрычнасьці не было восем содняў. А калі сьвятло і цяпло людзям нарэшце далі, у многіх жыхароў праблем толькі дадалося, паказвае Яраслава:
«Вось проста мокрая сьцяна ў доме. Сёньня прарвала батарэю. Зноў, напэўна, нам выключаць ацяпленьне. Нам толькі ўчора яго ўключылі, і яно яшчэ не прагрэлася, і зноў, напэўна, выключаць, бо батарэі рвуцца. Яны ці замерзьлі, ці недзе коркі... Сантэхнікі не пасьпяваюць. Людзі маюць патрэбу ў цяпле».
«Паглядзіце, я ўся плаваю, — паказвае сваю залітую вадой кватэру мясцовая жыхарка Лідзія. — Зайдзіце ў спальню, кухню — тут, глядзіце, што робіцца. І гэта яшчэ вычарпалі ваду, бо вада цякла з парога».
Батарэю прарвала ў кватэры паверхам вышэй. Там ніхто не жыве, таму перакрыць ваду доўга не ўдаецца. «Тут усюды капае, глядзіце, гэта ж усё мокрае, — працягвае Лідзія. — Глядзіце, з усіх лямпачак капае. Я нават баюся, каб зараз не каратнула нічога. І як мне цяпер заставацца тут, я ня ведаю».
Чакаецца, што на выходных у Кіеве тэмпэратура апусьціцца да −20 °C і нават ніжэй. Ва ўкраінска-беларускім «намёце нязломнасьці» гатовыя дапамагаць людзям перажыць новыя халады.
«Мы навучыліся грэцца, мы навучыліся ўсё рабіць для таго, каб гэта перажыць. Таму — ну мінус 20, ну будзе і мінус 25. Ведаеце, калі пачыналася зіма, я сказала: о, выпаў сьнег, а гэта значыць, што хутка будзе вясна. Ну ўжо люты на носе — яшчэ месяц, ну паўтара. Усё будзе добра. Мы ўсё вытрымаем, і я ня бачу ніякіх складанасьцяў», — кажа Алена Жаркевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі пункт нязломнасьці» адкрыўся ў Кіеве, які цярпіць ад расейскіх атак на энэргетыку