«Нягледзячы на складаную абстаноўку на вонкавым контуры, мы спакойна і пасьлядоўна рэалізавалі заплянаваны комплекс захадаў для разьвіцьця ўнутраных войскаў. Працягнулі падрыхтоўку добраахвотнікаў падразьдзелаў спэцыяльнага прызначэньня і атрадаў народнага апалчэньня», — паведаміў Мікалай Карпянкоў на пасяджэньні калегіі Міністэрства ўнутраных справаў аб выніках дзейнасьці ў 2025 годзе.
Паводле прэсавай службы МУС Беларусі, Карпянкоў заявіў, што ў выніку плянавых і раптоўных праверак унутраныя войскі «гатовыя да выкананьня баявых задач».
«Аптымізуецца абарона Беларускай АЭС, разьвіваюцца падразьдзелы спэцыяльнага прызначэньня. Іх байцы супольна з калегамі з крымінальнай міліцыі затрымалі прыблізна 1 500 падазраваных», — сказаў намесьнік кіраўніка МУС.
Карпянкоў таксама паведаміў, што на базе спэцпадразьдзелаў створаныя цэнтры бесьпілётнай авіяцыі, уведзеныя ў эксплюатацыю сучасныя комплексы барацьбы з дронамі.
Апошнім часам Міністэрства ўнутраных справаў усё часьцей паведамляе, што грамадзян, якіх падазраюць у «экстрэмізьме» або «прапагандзе нацызму», затрымліваюць пры сілавой падтрымцы атрадаў спэцыяльнага прызначэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 студзеня. У МУС Беларусі паведамілі аб затрыманьні яшчэ трох чалавек за «прапаганду нацызму» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пінску САХР затрымаў 19-гадовага юнака за «рэабілітацыю нацызму»