Шосты дзень нараджэньня ў няволі — палітвязьню Эдуарду Бабарыку споўнілася 36 гадоў

Эдуард Бабарыка. Архіўнае фота

30 студзеня палітвязень Эдуард Бабарыка, сын і сябра выбарчага штабу незарэгістраванага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году Віктара Бабарыкі адзначае 36-ы дзень народзінаў.

Зьвестак пра Эдуарда Бабарыку цяпер вельмі мала. Праваабаронцам вядома, што ў 2025 годзе палітвязьня трымалі ў калёніі № 11 пад Ваўкавыскам, дзе на яго завялі новую справу паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу — аб «непадпарадкаваньні». Судовае паседжаньне ў гэтай справе прызначана на 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну. Судзьдзя — Мікалай Сяргейка. Але пазьней стала вядома, што Эдуарда Бабарыку перавялі ў ПК № 8 у Аршанскім раёне.

У аршанскай калёніі адбываў пакараньне былы палітвязень Ільля Дубскі, які летась 11 верасьня быў вызвалены і вывезены зь Беларусі. На волі Ільля расказаў пра абставіны, зьвязаныя з Эдуардам Бабарыкам.

«Зь ім было вельмі небясьпечна кантактаваць. Маглі і пасадзіць (у ШЫЗА. — РС), маглі раскруціць па 411 артыкуле (дадаць тэрмін за парушэньне правілаў. — РС). Мы зь ім пазнаёміліся, камунікавалі. На той момант ён ня меў паняцьця, ці жывы ягоны бацька. Яму ні лісты (не даходзяць), ні званкі, нічога. За ім усе сочаць. Ён на пазытыве, трымаецца», — расказваў Ільля Дубскі пра Эдуарда Бабарыку.

Эдуарда Бабарыку і ягонага бацьку Віктара Бабарыку, які сабраў дзясяткі тысяч подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты, затрымалі 18 чэрвеня 2020 году, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Віктара Бабарыку пазьней судзілі, прызналі вінаватым у атрыманьні хабару і легалізацыі грошай, атрыманых злачыннным шляхам, і асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня.

Ягонага сына Эдуарда, які ўзначальваў перадвыбарны штаб Віктара Бабарыкі, судзілі толькі ў ліпені 2023 году і прысудзілі яму 8 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле трох «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з 342-м («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Праз год да гэтага тэрміну дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня. Суд праходзіў у Бабруйску. У верасьні 2024 году апэляцыйную скаргу на новы прысуд адхілілі. Фактычна з таго часу, паводле праваабаронцаў, новых зьвестак пра Эдуарда Бабарыку няма.

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 чалавекі — палітычных зьняволеных. 114 вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну, 9 вызваленых — у Літву.

Сярод вызваленых быў і Віктар Бабарыка, а ягоны сын Эдуард застаўся за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ваўкавыску зноў судзяць палітвязьня Эдуарда Бабарыку

Чым вылучаецца справа Эдуарда Бабарыкі сярод справаў іншых палітвязьняў?

Сьледзтва і суд у ягонай справе занялі амаль 3,5 года. Гэта рэкордны тэрмін для палітычных крымінальных справаў у Беларусі.

У вырак палітвязьню не залічылі час утрыманьня ў СІЗА КДБ паводле першапачатковага абвінавачаньня, а там палітвязень прабыў ажно паўтара года.

Зьвестак пра тое, што адбываецца з Эдуардам, які ў зьняволеньні фактычна ў рэжыме інкамунікада, дагэтуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка адказаў на завочныя пытаньні Мікіты Мелказёрава