Прэзыдэнт і прэм’ер Літвы выказаліся супраць аднаўленьня транзыту беларускіх калійных угнаеньняў

Гітанас Наўседа

Літоўскія ўлады ня хочуць нават размаўляць пра транзыт, пакуль зь Беларусі будуць ляцець балёны з кантрабандай.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што пра аднаўленьне транзыту беларускіх угнаеньняў празь Літву ня можа быць і гаворкі, пакуль зь Беларусі ляцяць кантрабандысцкія мэтэазонды.

«Гэтыя размовы абсалютна ня маюць пад сабой падставаў і ня будуць мець іх зусім, пакуль хоць адзін балён зь беларускага боку будзе ляцець у Літву», — сказаў Наўседа, якога цытуе агенцтва BNS.

Паводле Наўседы, пасьля чарговага прылёту кантрабандысцкіх мэтэазондаў, калі Віленскі аэрапорт мусіў тройчы прыпыняць працу, амэрыканскі бок выказаў Менску цьвёрдую пазыцыю: падобныя дзеяньні могуць паставіць пад пагрозу працэс паляпшэньня двухбаковых адносінаў.

«На жаль, мы маем справу з складанай дзяржавай, складаным суседзтвам, і, як мне вядома, пэўны час таму беларусы далі абяцаньне нашым хаўрусьнікам-амэрыканцам — бо тыя падтрымліваюць шчыльнейшыя сувязі — што яны вырашаць пытаньне з балёнамі. І, як мне вядома, прадстаўнікі ЗША вельмі апэратыўна адрэагавалі на гэтае новае здарэньне і ў даволі рэзкай рыторыцы заявілі, што гэта абсалютна недапушчальна, і ўсякае жаданьне наладжваць больш канструктыўныя адносіны зь Беларусьсю будзе тарпэдаванае зь віны саміх жа беларусаў, калі гэта будзе працягвацца».

Увечары ў аўторак быў зафіксаваны найбуйнейшы сёлета «налёт» кантрабандысцкіх мэтэазондаў зь Беларусі. Праз гэта працу Віленскага аэрапорту давялося спыняць тройчы, што закранула 1,7 тысячы пасажыраў.

У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю ў сувязі з кантрабанднымі балёнамі, якія нясуць пагрозу цывільнай авіяцыі.

Зь сярэдзіны сьнежня выпадкаў з мэтэазондамі паменшала. Гэта адбылося пасьля таго, як пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл дамовіўся з адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленьні часткі палітвязьняў і скасаваньні санкцыяў на беларускія калійныя угнаеньні. Тады ж палітычныя аглядальнікі пачалі меркаваць, што Вашынгтон можа націснуць на Літву, каб тая зноў дазволіла транзыт гэтых угнаеньняў праз Клайпедзкі порт.

Санкцыі на беларускія ўгнаеньні ўжыў і Эўразьвяз; рашэньне аб іх падаўжэньні будуць разглядаць у лютым.

Літоўскія палітыкі расцэньваюць запускі кантрабандысцкіх балёнаў як гібрыдную атаку Менску на Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віленскі аэрапорт двойчы закрываўся праз пагрозу мэтэазондаў зь Беларусі. У Літве ўжо знайшлі 8 балёнаў

Ругінене: тэма аднаўленьня транзыту беларускіх угнаеньняў нагнятаецца марна

Аднаўленьне транзыту беларускіх калійных угнаеньняў і магчымы ціск адміністрацыі ЗША з мэтай зноў дазволіць іх правоз празь Літву — гэта тэма, якая нагнятаецца марна, сказала прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене. Яна настойвае на тым, што ніколі не абмяркоўвала гэтае пытаньне з амэрыканцамі, заявіла Ругінене парталу lrytas.lt.

«Ніколі ні ў якіх кулюарах, ні ў міжнароднай прасторы гэтая тэма ня згадвалася і не абмяркоўвалася. У час маёй супрацы з амэрыканцамі мы абгаворвалі мноства тэмаў, але ніколі, ніколі не гаварылі пра транзыт угнаеньняў, ніякага запыту ад іх не было», — патлумачыла Ругінене.

Прадукцыя гіганта вытворчасці калійных угнаеньняў «Беларуськалій» транспартавалася празь Літву і порт Клайпеды да лютага 2022 году, калі Літва спыніла транзыт, аргумэнтуючы гэта санкцыямі ЗША і іншымі матывамі сваёй нацыянальнай бясьпекі.

У сьнежні летась «Беларуськалій» падаў у сувязі з гэтым пазоў у арбітражны суд і патрабуе ад Літвы кампэнсацыі шкоды ў памеры 12,09 млрд. даляраў ЗША.

Раней Гітанас Наўседа заяўляў, што мерыцца адстойваць цьвёрдую пазыцыю Літвы, калі краіна сутыкнецца зь ціскам у пытаньні транзыту беларускіх угнаеньняў. Ён выказваў надзею, што да апошняга будуць стаяць і суседзі — Латвія і Польшча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сквярняліс: Ад’езд Ціханоўскай можа быць зьвязаны з жаданьнем Літвы палепшыць стасункі з Лукашэнкам