0:53 Ад каго ішла ініцыятыва, каб у Ціханоўскай зьявіўся дарадца па экалёгіі?
2:50 Што ў офісе Ціханоўскай «не зялёнае» і што яна разумее пра экалёгію?
7:18 Ці хоць неяк дбаюць пра экалёгію за кратамі?
10:51 Што Дзьмітры Кучук будзе найперш рабіць на новай пасадзе?
17:06 Што забралі незваротна адзін год і сем месяцаў за кратамі ў сьледчай турме і ў горацкай калёніі?
20:08 Чаму варта расказваць пра «нізкі статус» як спосабу прыніжэньня і ціску?
23:31 Ці магчымая сёньня палітычная і грамадзкая дзейнасьць у Беларусі?
29:21 Якім можа быць «вяртаньне да нармальнасьці»?
32:41 Пра што варта прасіць Джона Коўла, пасланьніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, наконт перамоваў з Лукашэнкам?
— Мінула чатыры з паловай месяцы пасьля вызваленьня і вы ўжо актыўна ўключыліся ў працу ў камандзе Сьвятланы Ціханоўскай. Ад каго сыходзіла ініцыятыва?
— Ініцыятыва была з майго боку. Калі я вызваліўся, паглядзеў на сайце Сьвятланы Ціханоўскай, хто ў яе зьяўляецца дарадцамі, і ўбачыў, што эколягаў там няма. Таму я зьвярнуўся, паразмаўляў з Дабравольскім, зь Вячоркам, зь Лябедзькам, якіх я даўно ведаў, і мы ўсё абмеркавалі, прынялі рашэньне. Потым абмеркавалі ўсе дэталі і сустрэліся зь Сьвятланай Георгіеўнай. Некалькі дзён таму офіс афіцыйна апублікаваў інфармацыю, што я зьяўляюся дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай.
— А што азначае «няштатны дарадца»? Гэта значыць, вы працуеце бясплатна?
— Вядома, бясплатна. Але для мяне гэта яшчэ і большы камфорт, бо я магу больш вольна выказваць свае пажаданьні ці патрабаваньні таму ж Офісу, быць больш свабодным. Калі б у мяне больш афіцыйная пазыцыя, гэта было б інакш. Мая задача як у дарадцы: проста даваць парады, каб і офіс «пазелянеў», і каб палітыка Сьвятланы Георгіеўны таксама ў нейкай ступені была зялёнай. Ну і каардынацыя зь эколягамі таксама вельмі важная — каб была зваротная сувязь, каб офіс улічваў меркаваньне «зялёных» у пытаньнях экалягічнага заканадаўства, ініцыятываў.
— Вы сказалі, каб офіс «пазелянеў». Калі вы ўпершыню прыйшлі ў офіс Сьвятланы Ціханоўскай, што вы заўважылі, што там не зялёнае?
— Напэўна, там не сартыруюць адкіды. Казалі, што раней сартыравалі, цяпер — не. І мы дамовіліся зь літоўскай экалягічнай арганізацыяй, што нам бясплатна дадуць кантэйнэры, і офіс пачне займацца разьдзельным зборам сьмецьця. Таксама ў офісе няма вады ў кулерах — ваду п’юць у асноўным з папяровых кубачкаў, на сталах стаіць вада ў плястыку — гэта, напэўна, не вельмі салідна, і гэта трэба ўлічваць, калі прыходзяць эўрапейскія палітыкі. Затое мяне парадавала, што сама Сьвятлана Георгіеўна, калі ў нас было мерапрыемства перад Новым годам, прыйшла з кавай у індывідуальнай шматразовай упакоўцы — не карысталася аднаразовымі шклянкамі, як многія ў офісе. Гэта значыць, яна прытрымліваецца экалягічных стандартаў. І гэта ня можа не радаваць.
— Вы зь ёй, напэўна, гаварылі не толькі пра працу, але і пра нейкія базавыя рэчы ў экалягічным стаўленьні да навакольнага асяродзьдзя. Як яна гэта разумее?
— У яе ёсьць важны для беларусаў досьвед: яна нарадзілася ў Гомельскай вобласьці і яна вельмі добра разумее чарнобыльскую праблему. Мне здаецца, яна прапусьціла гэта празь сябе. Мы гаварылі пра тое, што «зялёныя» часта бываюць вельмі патрабавальныя да сваіх наратываў, да экалёгіі, да сваіх каштоўнасьцяў. І яна сказала: «Як фэміністкі». Я адказаў: «Прыкладна так». Гэтая фраза, напэўна, дала разуменьне, як мы будзем узаемадзейнічаць у офісе. Для мяне гэта быў вельмі важны момант. І яшчэ мне падалося, што яна ўмее слухаць. Ня кожны палітык прыслухоўваецца да чужога меркаваньня, а яна вельмі ўважліва слухае і, я думаю, робіць з гэтага высновы. Гэта вельмі важная якасьць для палітыка — і яна ў яе ёсьць.
— Вы сказалі: «каб офіс пазелянеў». Можаце патлумачыць?
— Каб «офіс пазелянеў» як унутры памяшканьня, так і ў прынцыпах, якімі кіруюцца супрацоўнікі. Павінны быць пэўныя стандарты — я ўжо пра гэта казаў. Але адначасова трэба ўлічваць і тое, як заканадаўчыя акты ці ініцыятывы ўплываюць на экалёгію. Мы — беларускія палітыкі, і ў сваіх рашэньнях мусім улічваць экалягічны сьлед тых рашэньняў, якія прымаем. Зразумела, што мы цяпер ня маем доступу да рэальнага прыняцьця рашэньняў, але мы рыхтуем новую Беларусь, новыя заканадаўчыя акты. І ў галаве заўсёды трэба трымаць: які вугляродны сьлед пакіне тое ці іншае рашэньне. Важна, каб у Сьвятланы Георгіеўны і яе каманды было гэтае разуменьне, як рашэньні паўплываюць на прыроду і, адпаведна, на здароўе людзей. Гэтага і хацелася б дасягнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусам трэба трошкі патрываць, дачакацца, калі Лукашэнка сыдзе», — былы палітвязень, дарадца Ціханоўскай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень, старшыня зьліквідаванай партыі «Зялёныя» стаў дарадцам Ціханоўскай у пытаньнях экалёгіі