На знак салідарнасьці з палітзьняволеным журналістам Андрэем Аляксандравым пісьменьніца Маргарэт Этвуд, Тэрстан Мур з Sonic Youth, Надзя з Pussy Riot і Трэвар Філіпс аб’ядналіся, каб зачытаць верш, які Андрэй напісаў у ліпені 2021 году ў СІЗА.
Відэазапіс зроблены ў межах акцыі, якую распачала 27 студзеня міжнародная арганізацыя Index on Censorship. Арганізатары прапанавалі да дня народзінаў Андрэя Аляксандрава запісаць відэа зь вершам журналіста і падзяліцца ім у сацыяльных сетках.
Маргарэт Элінор Этвуд — канадзкая пісьменьніца, паэтка, літаратурны крытык, актывістка арганізацый аховы навакольнага асяродзьдзя. Ляўрэатка шэрагу прэстыжных літаратурных прэмій, у тым ліку Букера (2000 і 2019 гг.). Адна з найбольш вядомых англамоўных пісьменьніц у сьвеце, адзначае БАЖ.
Таксама Этвуд — ляўрэатка прэміі Артура Кларка 1987 году за раман «Аповед служанкі» («The Handmaid’s Tale»). Гэта антыўтопія пра ЗША блізкай будучыні, дзе да ўлады прыйшлі рэлігійныя радыкалы-кансэрватары. Сэрыял паводле «Аповеду служанкі» стаў адным з самых пасьпяховых літаратурных экранізацый апошніх гадоў. Першы сэзон выйшаў у 2017 годзе, у час першага тэрміну Дональда Трампа. Чырвонае адзеньне служанак стала сымбалем на жаночых пратэстах у пытаньнях гендэрных і ня толькі правоў.
Хто такі Андрэй Аляксандраў?
27 студзеня палітзьняволены журналіст Андрэй Аляксандраў адзначае дзень народзінаў, яму споўнілася 48 гадоў. Для Андрэя гэта шосты дзень нараджэньня ў няволі. Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году.
З канца студзеня 2023 году журналіст адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1.
Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, працаваў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Яго асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
У верасьні 2022 году ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага Андрэй Аляксандраў ажаніўся з Ірынай Злобінай, таксама палітзьняволенай. Яны раней жылі разам і разам былі арыштаваныя. Ірыну Злобіну асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Увасабляе рашучасьць абаронцаў свабоды слова». Палітвязень Аляксандраў адзначае шостыя народзіны за кратамі