Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году, за кратамі ён больш за 5 гадоў.
З канца студзеня 2023 году журналіст адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1. Днямі Свабодзе пра Андрэя расказаў чалавек, які адбываў кару тамсама.
«Збольшага ён у парадку. У кожным разе не паказвае, што нешта ня тое. Настрой нармальны, духам ня падае. Скаргаў на здароўе ад яго ня чуў. Праца ў яго звычайная — зьбівае паддоны. Шмат чытае, дзяліўся парадамі, што пачытаць карыснага і цікавага. Ён заўсёды такі — аптымістычны і пазытыўны», — паведаміў пра Андрэя былы вязень ПК-1 Аляксей, які выйшаў на волю летась.
Перад днём народзінаў беларускага журналіста Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў (АEJ), сябрам якой быў Андрэй Аляксандраў, зрабіла адмысловую заяву з патрабаваньнем ягонага вызваленьня.
«Андрэй працягвае ўвасабляць мужнасьць і рашучасьць многіх абаронцаў свабоды слова і асноўных правоў чалавека ў Беларусі, якія вытрымалі цяжкія выпрабаваньні за свае перакананьні. Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў падтрымлівае кампанію за вызваленьне беларускіх журналістаў», — гаворыцца ў заяве АEJ.
Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, працаваў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Яго асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
У верасьні 2022 году ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага Андрэй Аляксандраў ажаніўся з Ірынай Злобінай, таксама палітзьняволенай. Яны раней жылі разам і разам былі арыштаваныя. Ірыну Злобіну асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі.
На 27 студзеня 2026 году праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зьняволенымі 1151 чалавек, паводле ініцыятывы Dissidentby такіх 1194. Паводле іншых праваабарончых ініцыятываў, палітвязьняў можа быць больш.