У Расеі прынялі закон, які абавязвае апэратараў адключаць мабільную сувязь на патрабаваньне ФСБ

Ілюстрацыйнае фота

Пасьля навінаў пра пэрыядычныя адключэньні інтэрнэту ў Расеі прыйшла і вестка пра ўхвалу новага закону пра мабільную сувязь.

Дзяржаўная Дума Расеі ў першым чытаньні ўхваліла законапраект, які абавяжа расейскіх апэратараў адключаць сувязь на запыт Фэдэральнае службы бясьпекі (ФСБ). Згодна з дакумэнтам, апэратары сувязі павінны «прыпыніць аказаньне паслуг сувязі пасьля атрыманьня адпаведнага запыту ад ФСБ… для абароны грамадзян і дзяржавы ад паўсталых пагрозаў бясьпецы».

У той жа час апэратары ня будуць несьці фінансавае адказнасьці перад абанэнтамі за такія адключэньні, адзначае Расейская служба Свабоды.

Сьпіс умоў для адключэньня будзе вызначацца ўрадам і прэзыдэнтам краіны. У дакумэнце не ўдакладняюцца канкрэтныя выпадкі, у якіх сувязь можа быць адключана.

Намесьнік міністра лічбавага разьвіцьця Расеі Іван Лебедзеў адзначыў, што інтэрнэт і сувязь будуць цалкам адключаныя ў адпаведнасьці з асаблівымі правіламі. Але гэтыя правілы сакрэтныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Расеі запавольваюць YouTube і ці можа гэта адбыцца ў Беларусі

У лістападзе 2025 году ў Валгаградзе была пададзена першая скарга ў суд на апэратара сувязі з-за пастаянных адключэньняў інтэрнэту. Пазоўнік запатрабаваў прызнаць паслугі няякасна выкананымі і кампэнсаваць яму нанесеную шкоду.

На цяперашні момант у Расеі ў асноўным адключаюць мабільны інтэрнэт. Улады пачалі рабіць гэта ў 2025 годзе пад нагодай барацьбы з украінскімі бесьпілётнікамі. Да канца 2025 году Расея стала ўсясьветным лідэрам у колькасьці адключэньняў мабільнага інтэрнэту.

Паводле лічбаў праекту «На связи», абмежаваньні ўводзяцца ў сярэднім штодня ў 63 рэгіёнах. Пры гэтым інтэрнэт адключаюць нават у рэгіёнах, дзе дроны ніколі не ляталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскіх рэгіёнах пачалі адключаць мабільны інтэрнэт «да канца вайны»