Музэй гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве запусьціў адмысловую праграму для беларускіх наведнікаў у час зімовых вакацый, даведалася Радыё Рацыя.
Па 1 сакавіка 2026 году сем’і зь дзецьмі могуць задарма атрымаць карты-гiды, працоўныя лісты і «заплечнікі дасьледніка» на беларускай мове, якія дапамагаюць у гульнявой форме вывучаць гісторыю габрэяў, мовы і звычаі.
Наведнікі могуць удзельнічаць у інтэрактыўных конкурсах па пастаяннай экспазыцыі «Таямнічы музэй» і на часовай выставе «Літарнае галавакружэньне», вывучаць альфабэт іўрыту і паходжаньне папулярных словаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як стварыць музэй ВКЛ або БНР без экспанатаў. Досьвед найлепшага музэю ЭўропыТаксама варшаўскі музэй нагадвае, што ўсе гульнявыя матэрыялы і заплечнікі выдаюцца задарма пры наяўнасьці білету на экспазыцыю. Шточацьвер уваход на пастаянную выставу дармовы.
Што тычыцца беларускамоўнага аўдыёгіду, дык ён ёсьць у музэі з 2017 году. Беларуская вэрсія аўдыёгіду Музэю POLIN стала адзінаццатай мовай музэю. Да гэтага часу аўдыгіды былі даступныя на польскай, ангельскай, габрэйскай, ідыш, францускай, нямецкай, расейскай, гішпанскай, італьянскай і вугорскай мовах.
Нягледзячы на тое, што афіцыйна ўстанова называецца «музэем польскіх габрэяў», у ім ёсьць і зьвесткі пра габрэяў беларускіх, зь беларускіх мястэчак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кобрыньскую сынагогу зноў выставілі на продаж