Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стварыць музэй ВКЛ або БНР без экспанатаў. Досьвед найлепшага музэю Эўропы


Тысячы бясцэнных прадметаў беларускай гісторыі падчас войнаў і нават у мірны час трапілі за мяжу. Яны маглі б распавесьці наведнікам беларускіх музэяў пра людзей, падзеі і цэлыя эпохі ў гісторыі краіны. Але іх страта не азначае страты гісторыі.

У трох гадзінах язды ад беларускай мяжы ёсьць месца, якое даказала, што паказаць цікава і павучальна нават тысячагадовую мінуўшчыну можна і без калекцыі каштоўных экспанатаў.

Музэй гісторыі польскіх габряэў POLIN працуе ў Варшаве ўжо два гады. Яго восем інтэрактыўных галерэяў распавядаюць пра жыцьцё габрэяў на польскіх землях ад Сярэднявечча да нашых дзён. Летась ён атрымаў званьне Эўрапейскі музэй году.

«У большасьці клясычных музэяў артэфакты знаходзяцца за шклом. Мы ня можам да іх дакрануцца. Наша галоўная задача — распавесьці гісторыю, каб кожны мог знайсьці ў ёй сябе, сваю сям’ю або знаёмых» — гаворыць Катажына Янкоўска, спэцыялістка музэю па пытаньнях адукацыі.

Катажына Янкоўска
Катажына Янкоўска

У Polin наведнік знаёміцца зь гісторыяй пры дапамозе гукаў, відэа, сьвятла, інтэрактыўных гульняў і розных мультымэдыйных гаджэтаў. Аўдыёгіды працуюць на 10 мовах. Неўзабаве зьявіцца і беларускамоўная вэрсія.

Пра гісторыю распавядае нават архітэктура музэю. Будынак спраектаваў фінскі архітэктар Райнэр Махламякі. Расколіна ў холе музэю сымбалізуе разрыў у тысячагадовай гісторыі польскіх габрэяў. Абедзьве часткі злучае мост жыцьця.

Адна сьцяна музэю зь вялізарным вакном глядзіць на помнік героям варшаўскага гета.

Вакно з другога боку глядзіць на парк і дрэва, якое сымбалізуе жыцьцё.

Уся плошча музэю займае каля 4 000 квадратных мэтраў. Экспанатаў на ёй ня шмат, некалькі сотняў. Яны ў музэі другасны кампанэнт. Праца гідаў канцэнтруецца на аповедах пэрсанальных гісторый.

Навукова-дасьледчы цэнтар музэю
Навукова-дасьледчы цэнтар музэю

Кожны наведнік можа выбраць розныя сьцежкі: пра жыцьцё, традыцыі, звычаі, сьвяты, або 20 стагодзьдзе. Стандартная сьцежка доўжыцца 2 гадзіны. Паводле Янкоўскай, пасьля дзьвюх гадзінаў чалавек стамляецца і яго ўвага можа згубіць важныя моманты.

Падарожжа па музэі пачынаецца з галерэі «Лес». Гэтая інсталяцыя прысьвечаная сымболіцы пачатку габрэйскага жыцьця. Яна паказвае, як габрэі ўпершыню пабачылі Польшчу.

Галоўны артэфакт у першай галерэі — гэта манэта 11 стагодзьдзя з габрэйскімі надпісамі. Кожны наведнік на месцы можа зрабіць аналягічную манэту і напісаць па-габрэйску сваё імя.

Галерэя «Сустрэчы» паказвае, як выглядалі першыя сустрэчы палякаў з хрысьціянамі.

На адмысловым маніторы можна выбраць героя і канкрэтную гісторыю, каб прасачыць ягоны шлях. Можна даведацца, напрыклад, як працавалі купцы і на што мянялі свае тавары.

«Наша выстава мае тры пласты. Па-першае, мы тлумачым кантэкст, уводзім у гісторыю. Потым — само апавяданьне пры дапамозе цытатаў. Трэцяе — інтэрпрэтацыя. Бо калі цытаты вырваныя з кантэксту, то гэта будзе мець мала карысьці» — распавядае гід.

Наведаць адзін раз музэй, каб зразумець гісторыю — мала, лічыць Катажына Янкоўска. У Polin госьця спрабуюць зацікавіць, каб потым ён самастойна мог разьвіваць свае веды. Да кожнай узроставай групы выкарыстоўваецца індывідуальны падыход.

«Ня ўсе ўспрымаюць інфармацыю аднолькава. Новае пакаленьне выхавалася на мультымэдыях. Калі ў іх няма такога стымулу, то яны проста разгубяцца. Іх трэба падключыць да працы. У іх павінны быць заданьні, якія трэба вырашаць. У адваротным выпадку ім будзе сумна».

Для самых маленькіх у музэі было створанае Месца сямейнай адукацыі. Там адбываюцца майстар-клясы для дзяцей з бацькамі. Для дзяцей Polin выдае багата адукацыйнай літаратуры.

На майстар-клясах дзяцей вучаць, што такое дыскрымінацыя і чаму гэта кепска. Заняткі прысьвечаныя роўнасьці, нянавісьці і расізму. Ёсьць і майстар-клясы прысьвечаныя габрэйскай культуры.

Школы самі зьвяртаюцца ў музэй з просьбай правесьці майстар-клясы. Гэта не клясычныя ўрокі, дыскусія і супольная праца ў форме гульні. На прыкладзе гісторыі польскіх габрэяў супрацоўнікі музэя паказваюць, што мэханізм дыскрымінацыі можа зьявіцца ў кожнай групе.

«Такія майстар-клясы дапамагаюць настаўнікам знайсьці канфлікт у сваёй групе і вырашыць яго». — гаворыць Катажына Янкоўска.

«Мы хочам паказаць вучням, што няма адной сьвядомасьці. Я магу адчуваць сябе і габрэем, і палякам. І палякам, і ромам. Палякам-туркам ці палякам-немцам. Сьвядомасьць мы часта выбіраем, і яна мяняецца. Мы тлумачым моладзі, што ніводзін урад ня мае права загадаць чалавеку, кім яму быць».

На прыкладзе Нюрнбэрскіх законаў супрацоўнікі музэю паказваюць, як асоба, якая мела ў радаводзе нават аднаго дзеда-габрэя, але сама не лічыла сябе габрэем, успрымалася нацыстамі як габрэй і да чаго гэта прыводзіла.

«Гэта часта адкрывае дзецям вочы. Мы паказваем мэханізмы дыскрымінацыі, як гэта можа адбывацца ў школе. Бо потым такія ж мэханізмы могуць адбывацца на працы і ў маштабе ўсёй краіны».

Галерэя, прысьвечаная падзелам Рэчы Паспалітай
Галерэя, прысьвечаная падзелам Рэчы Паспалітай

Экспанатам музэю можа быць нават дзёньнік вучня габрэйскай школы ў мультымэдыйнай форме. Галоўнае — збудаваць вакол яго гісторыю радасьцяў, дылемаў, першага каханьня, сварак з бацькамі або дыскрымінацыі ў школе.

Вакзал у Лодзі.
Вакзал у Лодзі.

Старэйшыя наведнікі музэю, ня звыклыя да такой колькасьці мультымэдыяў, спачатку зьдзіўляюцца такой форме. Катажына Янкоўска асабіста праводзіць экскурсіі для сталых гасьцей і тлумачыць, як карыстацца аплікацыямі. Пасьля трыццаці хвілінаў большасьць зь іх ня мае праблемаў, каб працягнуць экскурсію самастойна.

Габрэйская вуліца ў Варшаве. У кожным з будынкаў працуе асобная галерэя
Габрэйская вуліца ў Варшаве. У кожным з будынкаў працуе асобная галерэя

Апрача асноўнай дзейнасьці, музэй ініцыюе багата імпрэзаў. Для старэйшых праводзяцца спартыўныя заняткі. Штотыдзень праходзяць кінапаказы, гістарычныя дэбаты сустрэчы са сьведкамі гісторыі, аўтарамі кнігаў.

Супрацоўнікаў Polin запрашаюць у розныя установы для правядзеньня сэмінараў і лекцый. Яны езьдзяць з мабільнымі выставамі па малых гарадах і мястэчках, дзе гісторыю паказваюць менавіта праз прызму лякальнай супольнасьці.

Прыступкі з назвамі вуліц варшаўскага гета
Прыступкі з назвамі вуліц варшаўскага гета

Самы цяжкі адрэзак у музэі — тэма Галакосту. Але супрацоўнікі музэю падкрэсьліваюць, што Polin — гэта не музэй сьмерці, а музэй жыцьця.

Галерэя, якая расказвае пра антыгабрэйскую кампанію ў ПНР
Галерэя, якая расказвае пра антыгабрэйскую кампанію ў ПНР

​«Сёньня галоўнае ў музэі — не артэфакт. — кажа Катажына Янкоўска. — Калі мы бачым мноства прадметаў, то мы не разумеем кантэксту».

Пэрыяд «Салідарнасьці»
Пэрыяд «Салідарнасьці»

​​«Цяжка зразумець — пра што гэты экспанат. Бо гэта толькі прадмет. Ідэальны выхад — гэта залатая сярэдзіна. Прадмет і гісторыя вакол яго. І гэта не павінна быць гісторыя нечага вялікага. Гэта гісторыя звычайных людзей. Бо такія гісторыі наведнік можа параўнаць са сваім жыцьцём».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG