Сьнегапады парушалі электразабесьпячэньне ў 227 паселішчах Беларусі

Сьнегапад у Менску. Архіўнае фота

У Менску збоі ў руху грамадзкага транспарту, перш за ўсё тралейбусаў.

Як паведамляе кампанія «Белэнэрга», цяпер аднаўляюць электразабесьпячэнне ў населеных пунктах, якія пацярпелі ад непагадзі.

«Больш за ўсё адключэньняў зафіксавана ў Горадзенскай, Гомельскай і Менскай вобласьцях. Лініі электраперадачы пашкоджаныя празь непагадзь — наліпаньне сьнегу і абледзяненьне. Энэргетыкі працуюць дзень і ноч для апэратыўнага ўхіленьня тэхналягічных парушэньняў», — паведамляе «Белэнэрга».

Кампанія папярэджвае, што набліжацца да абарваных дратоў бліжэй за 8 мэтраў — небясьпечна.

На 11.00 працягваецца аднаўленьне электразабесьпячэньня ў 39 паселішчах, паведамляе «Белэнэрга».

52 брыгады энэргетыкаў працуюць у тры зьмены, яны прыцягнулі 69 адзінак тэхнікі. У работу залучаныя чатыры перасоўныя дызэль-генэратарныя ўстаноўкі.

Найбольш пашкоджаньняў зафіксавана ў Менскай вобласьці

28 студзеня ўдзень па Беларусі пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага сьнегу з дажджом, чакаецца моцны галалёд. Парывы ветру ў многіх рэгіёнах дасягаюць 15–20 м/с.

«Менсктранс» паведамляе аб адхіленьнях у раскладзе транспарту ў сувязі з абледзяненьнем кантактнай сеткі тралейбусаў. Пашкожданыя кантактныя сеткі на вуліцах Арлоўскай, Жукава і Панамарэнкі, на праспэкце Пераможцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі аранжавы ўзровень небясьпекі: сьнег, завеі і галалёд
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвяра сьнегападу. У Столінскім раёне падчас цыклёну «Улі» загінуў чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы цыклёну «Улі» ў Беларусі: 251 населены пункт безь сьвятла, заносы на дарогах, транспартны каляпс у Менску