Як паведаміла Азэрбайджанская служба Радыё Свабода, двум падазраваным па 21 годзе і аднаму — 26 гадоў. Падставай для заплянаванага тэракту, як сьцьвярджае СДБ, была рэлігійная варожасьць, а самі падазраваныя нібыта былі зьвязаныя з групоўкай «Вілаят Харасан» — афганскім крылом групоўкі «Ісламская дзяржава».
Падазраваных затрымалі каля дыпляматычнай місіі. У часе затрыманьня ў іх знайшлі зброю і самаробныя выбуховыя прылады.
Паводле гэтага факту завялі крымінальную справу, суд адправіў усіх пад варту.
У паведамленьні спэцслужбы не ўдакладняюць краіну, на амбасаду якой рыхтавалі напад. Ізраільскія СМІ і крыніцы Радыё Свабода паведамілі, што мова ідзе аб амбасадзе Ізраілю.
Аб папярэджаньні тэракту стала вядома на тле афіцыйнага візыту ў Баку міністра замежных спраў Ізраілю Гідэона Саара 26 студзеня. Ізраільскія крыніцы мяркуюць, што тэракт маглі рыхтаваць яшчэ ў лістападзе — тады ў Баку плянавалі правесьці вялікую канфэрэнцыю эўрапейскіх рабінаў, але яе скасавалі пасьля рэкамэндацыі ізраільскіх спэцслужб. Канфэрэнцыю перанесьлі ў Ізраіль, яна пачала сваю працу 26 студзеня.
Групоўка «Вілаят Харасан» зьявілася ў Афганістане ў 2014–2015 гадах. Паводле ААН, у яе шэрагі могуць уваходзіць ад 1 да 3 тысяч асоб. На рахунку гэтай групоўкі — тэракт каля аэрапорту Кабулу ў 2021 годзе, у выніку якога загінулі больш за 180 чалавек, атакі ў Іране і Пакістане, а таксама спробы і рэалізаваныя напады за межамі рэгіёну, уключаючы цэлі, зьвязаныя з Ізраілем і Расеяй. «Вілаят Харасан» заяўляла аб датычнасьці да нападу на канцэртную «Крокус Сіті Хол» пад Масквой 22 сакавіка 2024 году, калі ахвярамі сталі амаль 150 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз год пасьля тэракту ў цэнтры «Крокус», што пад Масквой, расейскія сьледчыя назвалі арганізатараў