Кіраўнік МЗС Украіны Сыбіга: «Мы юрыдычна фіксуем кожны выпадак дапамогі Лукашэнкі расейскім агрэсарам»

Андрэй Сыбіга

У вялікім інтэрвію кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны адказаў і на пытаньні пра Беларусь. Зь яго вынікае, што Кіеў створыць пасаду прадстаўніка ў беларускіх пытаньнях.

У Літве адбылася сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з прадстаўніцай беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай. На пытаньне выданьня «Європейська правда» кіраўнік украінскага МЗС Андрэй Сыбіга адзначыў, што беларускае пытаньне патрабуе сыстэмнай палітыкі.

«Хачу зьвярнуць вашу ўвагу на выступ прэзыдэнта Ўкраіны ў Вільні: амаль траціна выступу была прысьвечана беларускаму пытаньню. І для нас сапраўды важна падтрымліваць адносіны з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі. Мы верым, што прыйдзе час, і Беларусь — дэмакратычная Беларусь — стане чацьвёртым удзельнікам Люблінскага трыкутніка.

Зараз я атрымаў даручэньне ад прэзыдэнта прызначыць спэцыяльнага прадстаўніка і бліжэйшым часам унясу кандыдатуру на разгляд. Мы пакуль вызначаем назву гэтай пасады, але гэта будзе чыноўнік, упаўнаважаны на кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі», — заявіў Сібіга.

Сыбіга яшчэ раз заявіў, што Ўкраіна, як і шэраг іншых эўрапейскіх краінаў, не вызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі, а ягоны рэжым — саўдзельнік расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«І цяпер мы бачым новыя элемэнты падтрымкі расейскай агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Яны даюць сваю інфраструктуру для нападаў на ўкраінскую тэрыторыю з дапамогай бесьпілётнікаў.

Я наўмысна ня лезу ў падрабязнасьці, але мы пра іх ведаем, мы юрыдычна фіксуем кожны такі выпадак, паведамляем ААН пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі і мы паставім пытаньне аб санкцыях супраць фізычных асоб і кампаній, якія ў гэтым удзельнічаюць, у прыватнасьці, тых, хто займаўся будаўніцтвам гэтай інфраструктуры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія спэцслужбы паказалі відэа з затрыманай за шпіянаж беларускай журналісткай

Сыбіга падкрэсьліў, што, на ягоную думку, «Беларусь ператварылася на генэрал-губэрнатарства, Лукашэнка не суб’ектны, і ад ягоных дзеяньняў церпіць увесь беларускі народ». Сібіга мяркуе, што ёсьць усе праўныя падставы прыцягнуць Лукашэнку і ягоных памагатых да адказнасьці за саўдзел у расейскай агрэсіі.

Таксама журналісты спыталі, які статус у Сьвятланы Ціханоўскай у вачах украінскага кіраўніцтва.

«Мы лічым, што яна адна зь лідарак дэмакратычных сілаў Беларусі. Вось чаму вы бачылі яе сустрэчу з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Дарэчы, размова была вельмі зьмястоўнай, і яна будзе працягнутая. Што тычыцца Беларусі, я б таксама хацеў згадаць полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе Ўзброеных сіл Украіны, і мы гэта вельмі цэнім».

Акрамя таго, Сыбіга заявіў, што Ўкраіна будзе й надалей працаваць у беларускім пытаньні. Зьмены ў палітыцы ЗША адносна Лукашэнкі не павінны азначаць таго, што Лукашэнка пазьбегне адказнасьці, хоць ён, на думку ўкраінскага міністра, сапраўды намагаецца «ўседзець на двух крэслах». А робіць гэта таму, што «ведае, чым усё скончыцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Зяленскі перагледзеў стаўленьне да беларускай апазыцыі? Аналіз Валера Карбалевіча