Кітайцы купяць 29% акцый кампаніі ў сям'і Піно за 1,5 мільярда эўра. Паводле Forbes, продаж долі сям'і Піно (кампанія Artémis) будзе завершаны да канца 2026 году.
Тэарэтычна згода па набыцьці долі ў Puma можа пракласьці кітайцам шлях да поўнага паглынаньня славутай маркі спартовага адзеньня і абутку, адзначае Bloomberg. Пакуль жа Anta заявіла, што на дадзеным этапе ня мае такіх плянаў.
Раней агенцтва ўжо называла кітайскую кампанію сярод прэтэндэнтаў на набыцьцё Puma: акрамя яе, іншымі патэнцыйнымі пакупнікамі могуць стаць іншы вытворца спартовага рыштунку з Кітаю — Li Ning, і японская кампанія Asics Corp.
Набыцьцё долі ў Puma дазваляе Anta пашырыць свой набор заходніх марак, каб задаволіць рост попыту спажыўцоў у Кітаі на спартовае адзеньне пасьля пандэміі каранавірусу, піша Bloomberg. Кітайская кампанія ўжо валодае такімі міжнароднымі брэндамі, як Fila, Descente і Jack Wolfskin.
На гэта момант, акрамя сям'і Піно з 29% акцый, 9,8% Puma валодае іншая француская кампанія Kering, ёсьць і іншыя суўладальнікі з рознымі дзелямі ў бізнэсе. Puma заснаваная ў 1948 годзе ў Нямеччыне Рудольфам Дасьлерам пасьля ягонай сваркі з братам Адольфам, які ў 1924 заснаваў Adidas і пазьней вёў прадпрыемства разам з Рудольфам. Да сёньняшняга часу Adidas і Puma ўваходзяць у тройку найбуйнейшых вытворцаў спартовага адзеньня і рыштунку ў сьвеце, іх апярэджвае толькі Nike, заснаваны ў 1964-м у Арэгоне, ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: TikTok стварыў у ЗША юрыдычную асобу зь пераважна амэрыканскім капіталам, чаго патрабаваў Трамп