Сыстэма кіраваньня сваім амэрыканскім бізнэсам можа дазволіць кампаніі пазьбегчы забароны на кітайскую ўласнасьць.
Дадатак для абмену відэа ёсьць глябальным лічбавым забаўляльным гігантам, але яго масавая папулярнасьць і сувязі з Кітаем выклікалі заклапочанасьць з нагоды прыватнасьці і нацыянальнай бясьпекі ў ЗША, піша AFP.
Да праграмы ставіліся з падазрэньнем яшчэ пры адміністрацыі папярэдняга прэзыдэнта Джо Байдэна.
Юрыдычная асоба TikTok USDS Joint Venture LLC будзе абслугоўваць больш за 200 мільёнаў карыстальнікаў і 7,5 мільёнаў прадпрыемстваў, адначасова выконваючы строгія захады бясьпекі для абароны зьвестак і мадэрацыі зьмесьціва, паведаміла кампанія.
Рэакцыя Трампа
Дональд Трамп вітаў рашэньне стварыць новую юрыдычную асобу і ўзяў на сябе адказнасьць за ўгоду, але таксама падзякаваў старшыні Кітая Сі Цзіньпіну за яе ўхваленьне.
«Я так рады, што дапамог выратаваць TikTok! Цяпер ён будзе належаць групе Вялікіх амэрыканскіх патрыётаў і інвэстараў, найбуйнейшых у сьвеце, і будзе важным голасам» — напісаў Трамп у паведамленьні на Truth Social.
ByteDance захоўвае 19,9% долі ў супольным прадпрыемстве, што дазваляе захаваць долю ўласнасьці ніжэй за 20% парог, устаноўлены законам. Тры інвэстары — Silver Lake, Oracle і інвэстыцыйны фонд штучнага інтэлекту MGX з Абу-Дабі — валодаюць дзелямі па 15%. Выканаўчы старшыня Oracle Лары Элісан — даўні хаўрусьнік Трампа.
Сярод іншых прадпрыемстваў, што валодаюць акцыямі — Dell Family Office, філіялы Susquehanna International Group і General Atlantic.
Супольнае прадпрыемства захавае паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў адносна палітыкі даверу і бясьпекі, а таксама мадэрацыі зьмесьціва для карыстальнікаў з ЗША. Але глябальныя структуры TikTok будуць кіраваць міжнароднай інтэграцыяй прадуктаў і камэрцыйнай дзейнасьцю, уключна з электроннай камэрцыяй і рэклямай. Згодна з пагадненьнем, асабістыя зьвесткі карыстальнікаў з ЗША будуць захоўвацца ў бясьпечным воблачным асяродзьдзі Oracle, а кібэрбясьпека будзе правярацца староньнімі экспэртамі і адпавядаць фэдэральным стандартам, паведаміў TikTok.
Ранейшая забарона TikTok у ЗША
Новая структура стала адказам на закон, прыняты пры Джо Байдэне, які ставіў дылему перад кітайскай кампаніяй ByteDance: прадаць амэрыканскія актывы TikTok або сутыкнуцца з забаронай на рынку. Для ByteDance гэта найбуйнейшы рынак.
Закон 2024 году выйшаў пасьля таго, як палітыкі ЗША, у тым ліку Трамп у час яго першай прэзыдэнцкай кадэнцыі, папярэдзілі, што Кітай можа выкарыстоўваць TikTok для здабываньня зьвестак амэрыканцаў або аказаньня ўплыву праз свой альгарытм.
Трамп падпісаў указ, які ўхваляе ўгоду аб продажы амэрыканскага падразьдзелуTikTok яшчэ ў верасьні.
У Белым доме тады заявілі, што TikTok выкарыстоўваюць 170 млн амэрыканцаў, а ўказ Трампа гарантуе ім магчымасьць бясьпечна карыстацца «усімі перавагамі TikTok і быць упэўненымі ў бясьпецы сваіх пэрсанальных зьвестак у Злучаных Штатах».
Улады ЗША, як пры Байдэне, гэтак і пры Трампе, асьцерагаліся, што ByteDance можа змушана перадаваць Кітаю інфармацыю аб амэрыканскіх карыстальніках, бо паводле кітайскага закону аб контрвыведцы 2014 году, кампаніі ня могуць адмаўляцца ад збору патрэбных для кітайскіх расьсьледаваньняў зьвестак. Пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Дональд Трамп распарадзіўся адкласьці ўступленьне ў сілу забароны TikTok, заявіўшы аб тым, што будзе дамагацца пераходу амэрыканскага бізнэсу сацсеткі пад кантроль амэрыканскіх інвэстараў.
Форум