Замест яго ў луцэ Сьвіслачы — паміж вуліцамі Пуліхава і Леніна — зьбіраюцца пабудаваць шматфункцыянальныя комплексы з шчыльнымі кварталамі шматкватэрных дамоў, піша Realt.by.
Завод імя Кірава на Чырвонаармейскай, 2019 год
Некалі гэтая мясцовасьць была вядомая як Кашары. Да Кастрычніцкай плошчы адсюль — менш за кілямэтар.
Апроч заводу, пад знос пойдуць двухпавярховыя жылыя камяніцы (Чырвонаармейская, 20, 22) і лапік прыватнай забудовы каля скрыжаваньня Чырвонаармейскай і Смаленскай, на другім баку Сьвіслачы.
Хата на скрыжаваньні Смаленскай і Чырвонаармейскай, 2017 год
У праекце — тры новыя пешаходныя масты цераз раку: адзін — ад «Першамайскай» станцыі мэтро да Казарменнага завулка, і два — з вуліцы Пуліхава да пешаходнай дарожкі, якую зробяць уздоўж Сьвіслачы на тэрыторыі, якую цяпер займае завод.
Аўтамабілісты змогуць трапіць у Кашары ня толькі зь Першамайскай вуліцы, як цяпер, — але і з вуліц Леніна ды Смаленскай. Прычым аўтамабільны мост зь Леніна будзе там, дзе цяпер пешаходны. Каб злучыць яго з Чырвонаармейскай вуліцай, давядзецца аддаць пад дарогу невялічкае футбольнае поле. Зялёная зона, ладную частку якой у 2012-м заняў гатэль «Пэкін», стане яшчэ меншай.
Разьвітаньне жыхaроў Менску з паркам 40-годзьдзя Кастрычніка, у якім пабудавалі гасьцініцу «Пэкін», 2012 году
Да 2035 году тут пабудуюць паркінгі, стаянкі, гандлёвыя і спартовыя цэнтры, а таксама новы дзіцячы садок. У навабудах паселяцца больш як 2300 чалавек, такім чынам жыхароў у раёне паболее ў 2,5 разу.
Заўвагі і прапановы можна дасылаць у адміністрацыю Ленінскага раёну з 29 студзеня да 12 лютага, там жа можна і азнаёміцца з плянамі зносу і забудовы.