Памёр Сяргей Барысенка, стваральнік унікальнага відэасалёну ў Сяньне

Сяргей Барысенка

Пайшоў з жыцьця вядомы сеньненскі кінамэханік, які з савецкіх часоў сам падтрымліваў працу аўтэнтычнага відэасалёну ў невялікім райцэнтры.

Сяргей Барысенка да апошняга марыў пра стварэньне музэю кіно. Восеньню 2025 году пра кінамэханіка і ягоны відэасалён расказала выданьне Onlíner. Салён уласнымі рукамі стварыў і падтрымліваў на працягу 35 гадоў кінамэханік Сяргей Барысенка. 24 студзеня яго ня стала, даведалася выданьне.

Калі ў лістападзе ён прымаў журналістаў у гасьцях, то з энтузіязмам расказваў пра справу свайго жыцьця, бадзёра дзяліўся плянамі стварэньня музэю кіно, разважаў пра магчымасьць адкрыць у відэасалёне яшчэ адну залю.

Сьмерць Сяргея Барысенкі ад цяжкай хваробы пацьвердзіў яго блізкі сябар:

«Сяргея ня стала 24 студзеня. Пра ягоную хваробу ведалі толькі самыя блізкія. Вы калі да яго прыяжджалі, бачылі ўжо моцна схуднелым, а ён жа заўсёды быў здаровы дзяцюк, майстар на ўсе рукі. У апошнія месяцы ён ужо рыхтаваўся, раздаваў усім указаньні, завяршаў справы. Хацеў пасьпець дабудаваць другі дом, каб пакінуць яго дачцэ, але не пасьпеў…»

Што будзе далей зь легендарным відэасалёнам, невядома. Самаробныя залі зараз знаходзяцца пад кіраваньнем райвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Санкт-Пецярбургу бэатыфікавалі 10 каталіцкіх дзеячоў — ахвяраў савецкага рэжыму. Большасьць іх беларусы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла Сьвятлана Гальдадэ, у 1990-я старшыня Гомельскага гарсавету, адзінага ў Беларусі з дэмакратычнай большасьцю