Пайшла з жыцьця Сьвятлана Гальдадэ, старшыня Гомельскага гарсавету і выканкаму ў 1990-я гады. Пра ейную сьмерць напісаў былы намесьнік Гальдадэ — Віктар Карнеенка.
«Лёс вызначыў так, што я тры гады працаваў пад яе кіраўніцтвам у якасьці намесніка. Нас выбраў нялёгкі час, калі сацыяльна-эканамічныя катаклізмы здараліся штодзень. То раптоўна зьнікаў тытунь, то цукар, то ўсё разам. Алею ў агонь падлівала старая намэнклятура, якая, па мойму, так і не ўспрыняла Сьвятлану Канстанцінаўну за роўную сабе.
Але падтрымкай быў гарадзкі Савет, адзіны прадстаўнічы орган улады ў Беларусі, дзе антыкамуністычныя сілы мелі большасьць».
Як успамінае Карнеенка, апошні раз у будынку Гомельскага гарвыканкаму ён пабываў у 2018-м, калі спатрэбілася даведка для афармленьня пэнсіі.
«За менш чым гадзіну да мяне падышлі пяць супрацоўнікаў з прыкладна аднымі словамі. Паводле іх, праца ва ўладзе пад кіраўніцтвам Гальдадэ была самым лепшым і запамінальным для іх часам ва ўладзе. Запомніліся на ўсё жыцьцё і мне тыя тры гады. Бывай, Сьвятлана Канстанцінаўна! Дзякуй за палітычную і жыцьцёвую навуку».
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі Аляксандар Лукашэнка стаў ствараць выканаўчую «вэртыкаль», восем дэпутатаў Гомельскага гарсавету прынародна склалі зь сябе дэпутацкія паўнамоцтвы — адмовіліся ад мандатаў, хоць да сканчэньня тэрміну заставаўся год. Гальдадэ тады палічыла, што яны зрабілі гэта дарэмна. Але неўзабаве ўжо сама мусіла пакінуць пасаду старшыні Гомельскага гарвыканкаму. Пачала дзейнічаць у апазыцыі да Лукашэнкі і ягоных стаўленікаў.
Крытыкавала новыя ўлады за стаўленьне да наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, за арышт навукоўца-мэдыка Юрыя Бандажэўскага, які працаваў у Чарнобыльскай зоне. Яна ўвайшла ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП) і некалькі разоў вылучалася ў выбарчыя камісіі на выбары рознага ўзроўню, але ўлады не ўключалі яе ў склад.
«У гэтых камісіях нічога не вырашаецца. Гэтыя камісіі толькі зацьвярджаюць тыя вынікі, якія ўжо зьмяніць нельга. Усё фальшуецца ва ўчастковых камісіях. І я ня думаю, што калі ў іх склад увойдзе нехта ад апазыцыі, то здолее дамагчыся справядлівасьці. Бо на сёньня сытуацыя ў выбарах — тупіковая!» — заяўляла Гальдадэ ў размове з Свабодай у 2008-м.
Таксама Гальдадэ адна зь першых заўважыла, як дзяржава пад кіраваньнем Лукашэнкі пачынае зводзіць рахункі зь недзяржаўнымі грамадзянскімі арганізацыямі, калі ў 2003 годзе была зьліквідаваная арганізацыя «Грамадзянскія ініцыятывы». Тады ў гомельскай дэмакратычнай супольнасьці такія дзеяньні ўжо называлі «зачысткай», а суды вінавацілі ў староннасьці.
Акрамя таго, Сьвятлана Гальдадэ была адной з першых, якая заўважыла вынішчэньне сыстэмы самакіраваньня пры новай уладзе:
«З прыходам Лукашэнкі спачатку на пасады прызначалі партыйных функцыянэраў рознага рангу. Затым пайшлі ў ход шараговыя інструктары. Прэзыдэнцкая „вэртыкаль“ — вельмі закрытая структура. І зразумела, што крытэрам адбору кадраў будзе ня іхная кампэтэнтнасьць і прафэсіяналізм, а ляяльнасьць да кіраўніка і адпаведныя палітычныя погляды.
Пры такім адборы кадраў ня будуць вырашаныя задачы разьвіцьця мясцовага самакіраваньня. А гэта азначае, што новыя кадры будуць выконваць загады, а не вырашаць праблемы насельніцтва той ці іншай тэрыторыі. Калі б улада сапраўды хацела, каб да кіраваньня прыйшлі новыя людзі, яна б пайшла на выбары насельніцтвам кіраўнікоў раёнаў, гарадоў, абласьцей», — гаварыла Гальдадэ ў 2004-м.
Ужо ў 2010-х Гальдадэ пратэставала супраць таго, што ўлады перасталі залічваць службу ў войску ў стаж, а догляд састарэлых сваякоў стала лічыць дапамогай, а не заробкам. Калі ўлады ў 2017 годзе заняліся прэзэнтацыяй праекту забудовы зялёнай зоны на рагу вуліц Савецкай і Кожара, Гальдадэ была супраць падобных дзеяньняў, адзначаючы, што гэтая месца ў Гомлі ва ўсе часы было зялёнай зонай і ніхто яе не чапаў.
У 2021-м годзе былая кіраўніца Гомлю атрымала адказ з Камітэту правоў чалавека ААН, якога чакала 9 гадоў. Адказ абавязаў улады пераглядзець заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, скарга Гальдадэ ў ААН тычылася забароненага ў 2012 годзе пікету ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога тады адправілі ў турму.
Прадстаўнікі ўладаў у час разгляду скаргі аспрэчвалі права заяўніцы прадстаўляць інтарэсы іншых пацярпелых, хоць у яе былі даверанасьці. Таксама яны настойвалі, што заяўнікі яшчэ ня вычарпалі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, бо не зьвярнуліся да кожнага з намесьнікаў Генэральнага пракурора, а ня толькі да ўсіх намесьнікаў старшыні Вярхоўнага суду. Урэшце прадстаўнікі ўладаў адмовіліся ад супрацы з Камітэтам у гэтай справе.
Форум