Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі перамаглі ў барацьбе за «зялёную зону»


Сквэр Будаўнікоў на скрыжаваньні вуліц Кожара і Савецкай у Гомелі

У Гомлі жыхары вуліц Кожара і Галавацкага сваімі пратэстамі дамагліся адмены будоўлі камэрцыйнага шматкватэрнага дома з аўтапаркоўкамі на месцы цяперашняга сквэра. Паводле прыблізных падлікаў, пад нож магло пайсьці каля трохсот дрэваў і кустоў.

Абласная архітэктурна-будаўнічая рада вырашыла перавесьці спрэчную тэрыторыю, прызначаную ў генпляне пад шматпавярховік, у катэгорыю рэзэрвовых.

Як патлумачыла галоўны абласны архітэктар Сьвятлана Кухацкаволец, адна з прычынаў перагляду пляну — адсутнасьць схемы й канцэпцыі азеляненьня Гомля.

Заказчыкам будоўлі выступіла ўпраўленьне гарвыканкаму

Грамадзкія пратэсты ў абарону сквэра на рагу вуліц Кожара і Савецкай успыхнулі пры канцы лета, калі стала вядома пра намер гарадзкіх уладаў зруйнаваць гэтую зялёную зону — адзінае месца адпачынку ў мікрараёне. Заказчыкам камэрцыйнага элітнага дома на месцы сквэра выступіла ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму.

Жыхары суседніх шматпавярховак сабралі звыш тысячы подпісаў пад пратэставым зваротам, які адправілі ў тым ліку і ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

У пратэставых акцыях удзельнічала й былая старшыня гарсавету і гарвыканкаму Сьвятлана Гальдадэ, якая жыве побач са сквэрам.

Ініцыятары сходаў і збору подпісаў пад пратэставым зваротам адкрыта заяўлялі пра «нахабныя паводзіны ўладаў — яны непадкантрольныя гараджанам, улічваюць толькі жаданьне тых, хто мае грошы і можа купіць тут элітныя кватэры».

На пачатак кастрычніка адміністрацыя Цэнтральнага раёну прызначыла нават прэзэнтацыю праекту забудовы зялёнай зоны на рагу вуліц Савецкай і Кожара — і нечакана адмяніла. Акурат за дзень да так званай прэзэнтацыі Аляксандар Лукашэнка публічна запатрабаваў ад «вэртыкальных» чыноўнікаў спыніць «разбой» з высечкай дрэў у гарадах і ўшчыльненьнем жылой забудовы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG