У Літве ўхвалілі рашэньне аб стварэньні вайсковага палігону ля мяжы зь Беларусьсю ў раёне Сувальскага калідору

Вайсковыя вучэньні на палігоне ў Падбродзьдзі (Пабрадзе). Ілюстрацыйнае фота

Каля мястэчка Капчамесьціс (Капцёва), што ў раёне Сувальскага калідору і знаходзіцца за 10-11 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю, будзе створаны вайсковы палігон.

Як паведаміла агенцтва BNS, гэтае рашэньне канчатковае і ня будзе дадаткова абмяркоўвацца на ўзроўні Дзяржаўнай рады абароны Літвы.

«Рашэньне аб стварэньні палігону ёсьць, палігон будзе стварацца, закон плянуецца ўхваліць у Сейме на вясновай сэсіі. Закон замацуе ўсе абставіны і ўмовы стварэньня палігону, легалізуе само рашэньне», — сказаў міністар абароны Літвы Робертас Каўнас пасьля пасяджэньня Дзяржаўнай рады абароны 27 студзеня.

Рашэньне аб стварэньні палігону ў Лазьдзейскім раёне ўхвалілі летась у сьнежні.

Мясцовыя жыхары выступілі супраць гэтага аб’екту і пачалі праводзіць лякальныя пратэсты.

«Мы ня хочам, каб нас выгналі з дамоў, каб адабралі нашыя землі і лясы. Ніякага палігона. Па-мойму, палігонаў у Літве і так дастаткова. Нам не патрэбная вайна. А калі тут зробяць палігон, першымі пацерпім мы», — сказала пэнсіянэрка Эльвіра Янчулене агенцтву BNS. Іншыя ўдзельнікі заяўлялі, што ім прапанавалі неадпаведныя памеры кампэнсацыі за перадачу зямельных участкаў Міністэрству абароны.

У выніку ў Міністэрстве абароны Літвы паабяцалі канчаткова ўхваліць рашэньне аб будаўніцтве палігону толькі пасьля кансультацый зь мясцовымі жыхарамі. На сустрэчы зь імі езьдзілі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, міністры і прадстаўнікі літоўскай арміі.

15 студзеня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на сустрэчы з жыхарамі заявіў, што ў Літве не хапае вялікага палігону для навучаньня літоўскага войска — з 9 толькі на двух палігонах можна праводзіць шырокамаштабныя вучэньні.

«Літва хацела б на сталай аснове праводзіць вучэньні з польскімі вайскоўцамі на палігоне, які плянуецца пабудаваць побач з гэтым мястэчкам», — дадаў Наўседа.

Апошнім часам шэраг дзяржаўных выданьняў разгарнулі вялікую прапагандысцкую кампанію супраць будаўніцтва гэтага палігону ў Літве. Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў таксама згадваў пра намеры стварэньня палігону паблізу белраускай мяжы ў нэгатыўным кантэксьце ў сваім другім публічным лісьце да літоўскага народу.

«Пад палігоны, вайсковыя гарадкі і аб’екты інфраструктуры для хаўрусьнікаў вырубаюць лясы, забіраюць сельгасземлі, парушаюць натуральнае асяродзьдзе жыцьця. Парадокс у тым, што, зьнішчаючы прыроду ў адным месцы, урад выдзяляе яшчэ 10 мільёнаў эўра на праграму „балотнай абароны“, каб штучна аднаўляць яе ў іншым», — напісаў Рыжанкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыжанкоў напісаў другі публічны ліст да літоўскага народу, але перамовы зноў прапануе ўладам