Паводле сыноптыкаў, 27 студзеня надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць атмасфэрныя франты і цёплая паветраная маса, якая паступае з поўдня. Чакаецца воблачнае надвор’е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе сьнегу, мокрага сьнегу і дажджу. У многіх раёнах магчымыя туман і наліпаньне мокрага сьнегу. Вецер паўднёва-ўсходні і паўднёвы, слабы. Тэмпэратура паветра ўначы складзе ад —2 да —8°С, на паўднёвым захадзе — ад —1 да +2°С, удзень — ад —4 да +2°С. Атмасфэрны ціск будзе паніжацца.
28 студзеня надвор’е застанецца воблачным, на большай частцы тэрыторыі пройдуць ападкі. Месцамі, асабліва на поўначы, чакаецца моцны сьнег і мокры сьнег. У асобных раёнах магчымыя туман, галалёд і галалёдзіца на дарогах. Тэмпэратура паветра будзе вагацца ад —6 да +1°С, удзень на поўдні — да +3°С.
29 студзеня надвор’е пачнуць вызначаць франтальныя разьдзелы, што страчваюць актыўнасьць, а таксама паступленьне халодных паветраных мас з поўначы Эўропы. На большай частцы краіны чакаецца кароткачасовы сьнег і мокры сьнег. У паўднёвых раёнах месцамі магчымыя туман і галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Тэмпэратура паветра панізіцца ад 0°С на поўдні да —13°С на паўночным захадзе, уначы ў Віцебскай вобласьці — да —15°С.
Беларусь апынулася пад уплывам новага цыклёну «Леоні», які, паводле прагнозаў, найбольш адаб’ецца на паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах краіны, паведамляе тэлеканал СТВ. З прычыны ледзянога дажджу і рэзкіх перападаў тэмпэратуры ствараюцца ўмовы для ўтварэньня наледзі.
Дзяржаўтаінспэкцыя заклікае кіроўцаў быць максымальна ўважлівымі на дарогах, строга выконваць хуткасны рэжым і дыстанцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвяра сьнегападу. У Столінскім раёне падчас цыклёну «Улі» загінуў чалавек