У Беларусі вырабляюць такія ж тыпы ўзбраеньня, без якіх «на СВА сёньня вельмі складана абысьціся», заяўляе Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота.

Без традыцыйнага ўзбраеньня — пісталетаў, аўтаматаў, кулямётаў, гранатамётаў — і «без звычайнага салдата» сучасная вайна «не абыдзецца», заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня ў Менску на нарадзе па стварэньні адукацыйнага цэнтру для падрыхтоўкі таленавітай моладзі па прафэсіях будучыні.

«Таму надаю істотную ўвагу разьвіцьцю артылерыі традыцыйнай з гэтымі 152-мі снарадамі і „Градамі“, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Ведаеце, што такое „Град“? Саракарульная зброя, якую мы вырабляем самі, і боепрыпасы да яе. Вось без гэтага на СВА (так улады Расеі, а за імі рэжым у Беларусі рэжым называюць паўнамаштабную вайну ва Ўкраіне. — „Позірк“.) таксама сёньня вельмі складана абысьціся — я гэта ведаю дакладна».

Кажучы пра сучасныя тэхналёгіі, ён згадаў пра разьвіцьцё бесьпілётных лятучых апаратаў: «Цэлыя заводы, фабрыкі штампуюць. І ня толькі ўкраінцы і расейцы, якія сёньня з іх дапамогай ваююць. І яны даволі эфэктыўна ваююць. Але ў тым ліку ў Беларусі і паўночней нас пачынаюць гэта дабро штампаваць з раніцы да вечара».

Аднак Лукашэнка сумняецца, ці дапамогуць яны Беларусі ў лясіста-багністай мясцовасьці. «Асабліва ў лясістай. У стэпе, пустыні ўсё як на далоні: „птушачку“ запусьціў, цэль знайшлі — атакуем, нічога не перашкаджае. А як у лесе?» — задаўся ён пытаньнем.

  • Паводле інфармацыі BelPol, шэраг беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў уцягнуты ў масавую вытворчасьць снарадаў для расейскага войска. Значная частка іх прызначана для выкарыстаньня рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню «Град», якімі расейскае войска абстрэльвае Ўкраіну.
  • 24 лютага 2022 года Расея распачала паўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Эўропе пасьля Другой сусьветнай. Рэжым Лукашэнкі даў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасьля на працягу многіх месяцаў зь Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак журналістаў-расьсьледавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасьцю на карысьць расейскага вайскова-прамысловага комплексу.