Пажар на Бярозаўскай ДРЭС пашкодзіў камунікацыйныя кабэлі

Пажарная служба на выкліку на ДРЭС у Белаазёрску

Супрацоўнікі МНС зьліквідавалі загараньне на Бярозаўскай ДРЭС у Белаазёрску ў Бярозаўскім раёне на Берасьцейшчыне.

Пра пажар паведаміла 26 студзеня прэс-служба Міністэрства надзвычайных сытуацый. Там паведамілі пра пажар на прадпрыемстве па вуліцы Шашэйнай і адзначылі, што ў час прыбыцьця на месца ратаўнікоў, тыя назіралі дым з-пад газатурбіннай устаноўкі.

У выніку здарэньня агнём пашкоджаныя камунікацыйныя кабэлі. Пацярпелых няма, адзначылі ў ведамстве.

На месцы здарэння працавала 9 адзінак тэхнікі МНС.

Бярозаўская ДРЭС — адзін з найбуйнейшых аб’ектаў энэргетыкі Беларусі. Станцыя прызначаная для пастаўкі электраэнэргіі ў энэргасістэму краіны, а таксама для ацяпленьня прамысловых прадпрыемстваў і жытла Белаазёрску.

ДРЭС працуе на газе (рэзэрвовая крыніца паліва — мазут). Складаецца з чатырох энэргаблёкаў: двух па 215 МВт, аднаго — 238 МВт, яшчэ аднаго — 427 МВт. Акрамя таго, усталяваныя пікава-рэзэрвовая энэргакрыніца магутнасьцю 258 МВт, электракацёл — 30 МВт, а таксама два паравыя газамазутныя катлы (прадукцыйнасьць кожнага — 35 т пары на гадзіну).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смалявічах дзясяткі дамоў засталіся без ацяпленьня. Гэта ўжо пяты горад, у якім адбылася аварыя за апошнія дні


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў указ, які падвышае камунальныя плацяжы