Як паведаміла выданьне «Позірк», затрыманьні адбыліся ў штатах Мінэсота, Флёрыда, Ілінойс, Аклагома і Арызона.
Паводле інфармацыі валянтэраў ініцыятывы, усе затрыманыя ўехалі ў краіну больш за два гады таму, знаходзіліся ў легальным іміграцыйным працэсе. Іх затрымалі ў часе выпадковых праверак (спыненьняў) аўтамабіляў.
Пры гэтым ніводны зь іх ня меў крымінальнага мінулага і не чакаў, што яго могуць затрымаць. Аднаго з затрыманых вызвалілі пад заклад, іншыя чакаюць магчымага адпаведнага рашэньня.
ByAction рэкамэндуе беларусам, якія знаходзяцца ў ЗША, падрыхтавацца да магчымых затрыманьняў, для чаго, у прыватнасьці, як мага хутчэй знайсьці амэрыканскага грамадзяніна або пастаяннага рэзыдэнта (уладальніка грын-карты), які мог бы стаць іх паручальнікам. Таксама рэкамэндуюць падрыхтаваць грошы для закладу на выпадак, калі паручальнік ня зможа ўнесьці ўсю неабходную суму (ад 5 тысяч даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каля 20 чалавек зараз у турмах». ЗША спыняюць выдачу іміграцыйных візаў. Як гэта закране беларусаўІніцыятыва таксама прапануе беларусам загадзя абмеркаваць з сваім адвакатам умовы падачы хадайніцтва аб закладзе (bond), а ў выпадку адсутнасьці такой магчымасьці — знайсьці адваката, які мог бы пры неабходнасьці падаць такое хадайніцтва.
Таксама рэкамэндуюць загадзя падрыхтаваць лісты падтрымкі (letters of support) ад знаёмых, сяброў і калег, вывучыць на памяць нумары тэлефонаў адваката ці блізкага чалавека і «загадзя падумаць, як вырашыць свае справы пры адсутнасьці на працягу 2–4 тыдняў».
У ByAction адзначылі, што ў выпадку ўезду ў ЗША праз паўднёвую мяжу на падставе дазволу (parole) з выкарыстаньнем аплікацыі памежнай службы ЗША (CBP one) імавернасьць адмовы ў закладзе вельмі высокая. У гэтым выпадку трэба быць гатовым абараняць сваю справу ў іміграцыйнай турме да канца працэсу.
Для максымальна магчымай падрыхтоўкі справы беларусам рэкамэндуюць абнавіць і падпісаць форму I-589 (заяву на наданьне прытулку, а ў выпадку адмовы — на абарону ад дэпартацыі),і абавязкова абмеркаваць гэта з сваім адвакатам.
Летась у верасьні АБА паведамляла, што прынамсі 9 беларусаў, выкліканых для чарговай «адзнакі» ў іміграцыйную і мытную службу ЗША, былі затрыманыя і зьмешчаныя ў адмысловыя цэнтры, рабілі іх праверку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША супрацоўнік міграцыйнай службы застрэліў жанчыну