Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году, за кратамі ён больш за 5 гадоў.
З канца студзеня 2023 году журналіст адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1. Днямі Свабодзе пра Андрэя расказаў чалавек, які адбываў кару тамсама.
«Збольшага ён у парадку. У кожным разе не паказвае, што нешта ня тое. Настрой нармальны, духам ня падае. Скаргаў на здароўе ад яго ня чуў. Праца ў яго звычайная — зьбівае паддоны. Шмат чытае, дзяліўся парадамі, што пачытаць карыснага і цікавага. Ён заўсёды такі — аптымістычны і пазытыўны», — паведаміў пра Андрэя былы вязень ПК-1 Аляксей, які выйшаў на волю летась.
Перад днём народзінаў беларускага журналіста Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў (АEJ), сябрам якой быў Андрэй Аляксандраў, зрабіла адмысловую заяву з патрабаваньнем ягонага вызваленьня.
«Андрэй працягвае ўвасабляць мужнасьць і рашучасьць многіх абаронцаў свабоды слова і асноўных правоў чалавека ў Беларусі, якія вытрымалі цяжкія выпрабаваньні за свае перакананьні. Асацыяцыя эўрапейскіх журналістаў падтрымлівае кампанію за вызваленьне беларускіх журналістаў», — гаворыцца ў заяве АEJ.
Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, працаваў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Яго асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
У верасьні 2022 году ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага Андрэй Аляксандраў ажаніўся з Ірынай Злобінай, таксама палітзьняволенай. Яны раней жылі разам і разам былі арыштаваныя. Ірыну Злобіну асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд завяршыў ліквідацыю інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, мільённы «доўг» павесілі на былых кіраўнікоўНа 27 студзеня 2026 году праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зьняволенымі 1151 чалавек, паводле ініцыятывы Dissidentby такіх 1194. Паводле іншых праваабарончых ініцыятываў, палітвязьняў можа быць больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьезьд Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў запатрабаваў вызваленьня журналістаў з турмаў Беларусі