У Пінску САХР затрымаў 19-гадовага юнака за «рэабілітацыю нацызму»

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі паведамілі, што супрацоўнікі ўпраўленьня ГУБАЗіК у Берасьцейскай вобласьці «пры сілавой падтрымцы» байцоў групы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) затрымалі 19-гадовага пінчука, якога назвалі «прыхільнікам нацыянал-сацыялістычнай ідэалёгіі».

Як адзначаецца ў паведамленьні, юнак у розных Telegram-каналах пакінуў больш за пяць тысяч паведамленьняў «з мэтай папулярызацыі, апраўданьня і гераізацыі нацысцкага рэжыму, адмаўленьня яго злачынстваў, прапаганды ўльтраправых ідэй, праслаўленьня калябарантаў часоў Вялікай айчыннай вайны».

«Грунтуючыся на неправераных, псэўданавуковых і загадзя сумнеўных крыніцах, ён трансьляваў уласную карціну сьвету, навязваючы аўдыторыі суб’ектыўную і радыкальную інтэрпрэтацыю падзеяў XX стагодзьдзя», — паведамілі ў МУС.

У ведамстве дадалі, што юнак таксама стварыў і адміністраваў уласны «праварадыкальны нацыяналістычны» Telegram-канал з аўдыторыяй у 300 чалавек, сярод якіх былі таксама іншаземцы.

Сьледчыя завялі на затрыманага крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў рэабілітацыі нацызму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадзенскай вобласьці на хабары затрымалі аднаго з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства