«За нашу і вашу свабоду!» Як беларусы віталі прэзыдэнтаў на цырымоніі ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году. ФОТА

Цырымонія ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году

Яркай падзеяй ушанаваньня памяці герояў Студзеньскага паўстаньня 1863−1864 гадоў, якое прайшло 25 студзеня ў Вільні, стала ўскладаньне вянкоў на могілках Росы, дзе ў капліцы пахаваныя парэшткі паўстанцаў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі з жонкай Аленай Зяленскай, прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі з жонкай Мартай Наўроцкай, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа з жонкай Дыянай Наўседзене

Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская з дарадцамі Франкам Вячоркам і Дзянісам Кучынскім

Гітанас Наўседа, Караль Наўроцкі, Уладзімір Зяленскі, Марта Наўроцкая, Алена Зяленская

Сьвятлана Ціханоўская на імшы ў Віленскай катэдры

Прэзыдэнты і першыя лэдзі падчас імшы ў Віленскай катэдры

Каля капліцы зьнерухомелі салдаты літоўскай ганаровай варты. У руках вайскоўцаў — дзяржаўныя сьцягі Літвы, Польшчы, Украіны, а таксама бел-чырвона-белы сьцяг, які прадстаўляе дэмакратычную Беларусь. У капліцу зь вянкамі і кветкамі заходзяць прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і літоўская прэмʼер-міністар Інга Ругінене, прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, а таксама лідэрка дэмакратычнай Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Пасьля ўрачыстай імшы, хвіліны маўчаньня і ўскладаньня вянкоў усе выходзяць на ганак. У памяць пра паўстанцаў ганаровая варта робіць некалькі залпаў. Калі дэлегацыі высокіх палітыкаў выходзяць на вуліцу, іх вітаюць дзясяткі актывістаў.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і Дыяна Наўседзене

Беларусы каля могілак Росы ў Вільні

«За нашу і вашу свабоду!», «Слава Ўкраіне!», «Хай жыве Польшча!», «Жыве Беларусь!», «Жыве Літва!» — чую вітаньні ад людзей, што стаяць уздоўж дарогі. Тут таксама лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Падыходжу да чалавека з такім сьцягам і пытаюся, чаму ён тут і што для яго значыць гэты сымбаль. Зьміцер прызнаецца, што ўшаноўваць у гэты дзень Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1963 году стала для яго традыцыяй толькі пасьля 2019 году. Тады мужчына ўдзельнічаў у шэсьці падчас перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў. Калёна тады расьцягнулася на кілямэтры. «Беларускіх сьцягоў было мора», — згадвае Зьміцер. Паводле суразмоўцы, постаць Кастуся Каліноўскага вартая такой пашаны беларусаў і гэтак застанецца ў будучыні.

Надпіс на плякаце: «Вітаем прэзыдэнта Рэспублікі Польшчы Караля Наўроцкага»

«Сьцерці памяць пра Каліноўскага ў беларусаў немагчыма, хаця пэўныя сілы гэта спрабуюць зрабіць. І, ведаеце, зараз такі момант у гісторыі, калі можна сказаць, што час амаль падобны. Бо зноў патрабуе ад нас сьмеласьці, рашучасьці, нават самаахвярнасьці. Таму я тут. А Каліноўскі заўсёды будзе маім героем, гэта дакладна!» — кажа Зьміцер.

Алена і Ўладзімір Зяленскія

Побач стаіць палітычны ўцякач Аляксей, ён са Зьмітром шмат у чым згодны:

«Чаму я тут? Ды проста: бо я зь Беларусі, а Каліноўскі — наш герой. Падзеі, якія адбываліся на нашых агульных тады землях, былі вельмі важныя для нашых народаў. Мы мусім раўняцца на тых герояў. Каліноўскі заклікаў за волі, да свабоды. Гэты заклік ня страціў актуальнасьці».

Аляксей у Беларусі працаваў вэтэрынарам, палітыкай не займаўся. Але ўсё зьмянілася праз выбары 2020 году. Ён шмат перажыў, пераасэнсаваў, перайшоў на беларускую мову і вельмі рады, калі можа сустрэцца з аднадумцамі.

«Тут мы мусім паказаць, што мы ёсьць, што не спынілі барацьбы. А яшчэ я сюды прыйшоў, каб выказаць Зяленскаму і ўсім украінцам нашу беларускую салідарнасьць».

Каля магілы Кастуся Каліноўскага

Былы палітвязень Зьміцер Кучук таксама лічыць, што асоба Каліноўскага цяпер як ніколі важная, бо гэты чалавек сымбалізуе барацьбу з імпэрыяй, якая зноў нясе вайну і няволю.

«Я ўпершыню тут. 7 гадоў таму па відэа глядзеў, як было перапахаваньне. У мяне тады цяклі сьлёзы, бо Каліноўскі — у сэрцы. Мне здаецца, што так у кожнага беларуса. А потым быў арышт, калёнія. Цяпер лёс закінуў у Вільню, і я рады, што магу прыйсьці сюды, ушанаваць памяць Каліноўскага ды іншых паўстанцаў. Гэта вельмі важна, асабліва для тых, хто адчувае сябе змагаром. Важна, улічваючы і тое, што цяпер зноў украінцы змагаюцца за волю. Добра, што з дапамогай літоўцаў і палякаў, і што беларусы могуць дапамагаць таксама. І такімі акцыямі мы дэманструем, што ў расейскай імпэрыі нічога не атрымаецца».

Валерыя са Слуцку апавяла, што стаўленьне да Каліноўскага як да героя сфармавалася ў яе яшчэ ў савецкай школе.

«У маёй школе ў Слуцку былі вельмі добрыя настаўнікі гісторыі — краязнаўцы, патрыёты нашых мясьцін. Гэта быў яшчэ СССР, але час — перабудова, і яны дазвалялі сабе сабе расказваць ня толькі тое, што па праграме. Вось тады я пачула пра Кастуся Каліноўскага больш, чым было напісана ў падручніку. Так, цяпер у Беларусі зь яго хочуць зрабіць менавіта польскага паўстанца, але для мяне ён найперш змагар за беларусаў. Для літоўцаў ён літоўскі, для палякаў — польскі. Але гэта не павінна нас разьяднаць, наадварот», — кажа Валерыя.

Пасьля адʼезду з могілак афіцыйных дэлегацый некалькі дзясяткаў беларусаў яшчэ раз прыйшлі ў капліцу, усклалі кветкі да дошкі зь імем Кастуся Каліноўскага, прасьпявалі «Пагоню». Хвілінай маўчаньня таксама была ўшанаваная памяць беларусаў, якія загінулі, абараняючы Ўкраіну ад расейскіх агрэсараў.

Хвіліна маўчаньня ў памяць беларусаў, якія загінулі, абараняючы Ўкраіну ад расейскіх агрэсараў

Вянкі, ускладзеныя ў капліцы ў гонар паўстанцаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі — беларусам: «Вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітанас Наўседа: «Аднойчы перамогуць і дэмакратычныя сілы нашых суседзяў — беларусаў!»