«Калі губэрнатар Карні думае, што зможа ператварыць Канаду ў „перавалачны пункт“ для кітайскіх тавараў і прадукцыі, якія адпраўляюцца ў Злучаныя Штаты, ён глыбока памыляецца. Кітай зжарэ Канаду жыўцом, поўнасьцю паглыне яе, разбурыць бізнэс, сацыяльную структуру і лад жыцьця краіны ў цэлым» — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.
Трамп дадаў, што калі Канада заключыць зьдзелку з Кітаем, ЗША адразу ж увядуць стопрацэнтныя пошліны на ўсе канадзкія тавары. У рэальнасьці дамоўленасьць паміж Канадай і Кітаем ужо дасягнута.
Антыканадзкая тырада амэрыканскага прэзыдэнта суправаджаецца спасылкай на відэа, у якім госьці правакансэрватыўнага сайта Just the News крытыкуюць Канаду за падпісаньне стратэгічнага партнэрства з Кітаем. Пагадненьне было дасягнута 16 студзеня падчас першага за амаль дзесяць гадоў візыту прэмʼер-міністра Канады ў Пэкін. Кітай, як чакаецца, зьнізіць пошліны на канадзкі рапсавы алей з 85% да 15% да 1 сакавіка, а Атава пагадзілася абкласьці падаткам кітайскія электрамабілі па стаўцы рэжыму найбольшага спрыяньня, якая складае 6,1%.
Такім чынам цяперашняе кіраўніцтва Канады спрабуе дывэрсіфікаваць гандаль, каб зьнізіць залежнасьць ад свайго найбуйнейшага гандлёвага партнэра ЗША ва ўмовах нявызначанасьці, выкліканай прыхільнасьцю цяперашняга амэрыканскага лідэра да ўвядзеньня ўсё новых і новых пошлін.
На гэтым тыдні Марк Карні выступіў з яркай прамовай на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, у якой заявіў, што заснаваны на правілах «стары сьветапарадак ужо ня вернецца», і заклікаў менш буйныя краіны абʼяднацца, каб адстойваць свае інтарэсы ў барацьбе зь «вялікімі дзяржавамі».
«Вялікія дзяржавы пачалі выкарыстоўваць эканамічную інтэграцыю ў якасьці зброі, тарыфы ў якасьці рычага ўзьдзеяньня, фінансавую інфраструктуру ў якасьці сродку прымусу, а ланцужкі паставак у якасьці ўразьлівых месцаў, якія можна выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах», — сказаў ён.
Карні заявіў, што «Канада была адной з першых, хто пачуў трывожны сыгнал» аб тым, што геаграфічнае становішча і гістарычныя саюзы больш не гарантуюць бясьпеку і росквіту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская разам з прэзыдэнтамі Польшчы і Літвы ўшанавала памяць паўстанцаў Каліноўскага ў Варшаве