У новай стратэгіі бясьпекі ЗША Расею назвалі «кіруемай пагрозай»

Пэнтагон. Вашынгтон

Міністэрства абароны ЗША апублікавала новую стратэгію нацыянальнай абароны. У ёй гаворыцца, што ў агляднай будучыні Расія застанецца «пастаяннай, але кіруемай пагрозай» для ўсходніх краін-чальцоў NATO.

«Нягледзячы на тое, што Расея пакутуе ад розных дэмаграфічных і эканамічных цяжкасьцяў, вайна ва Украіне, якая працягваецца, паказвае, што яна па-ранейшаму валодае значнымі запасамі ваеннай і прамысловай моцы», – сказана ў дакумэнце.

Паводле стратэгіі, Пэнтагон «забясьпечыць гатоўнасьць амэрыканскіх войскаў да абароны ад расійскіх пагроз тэрыторыі Злучаных Штатаў» і «працягне адыгрываць важную ролю ў НАТА», нягледзячы на карэкціроўку пазыцыянаваньня ЗША «на эўрапейскім тэатры ваенных дзеяньняў».

«Масква не ў тым становішчы, каб прэтэндаваць на гегемонію ў Эўропе. Эўрапейскае NATO пераўзыходзіць Расею па маштабах эканомікі, колькасьці насельніцтва і, такім чынам, утоенай ваеннай моцы», – гаворыцца ў дакумэнце.

Асобны разьдзел у стратэгіі таксама прысьвечаны Кітаю, які названы «другой па магутнасьці краінай у сьвеце», якая «саступае толькі Злучаным Штатам». Згодна з дакумэнтам, адной з мэт Пэнтагона зьяўляецца стрымліваньне Кітая ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне «пры дапамозе сілы, а не канфрантацыі».

Стратэгія нацыянальнай абароны, як і апублікаваная раней Белым домам стратэгія нацыянальнай бясьпекі, пабудавана на пастуляце «Амэрыка перш за ўсё». Фокусам зьяўляецца ўнутраная бясьпека і скарачэньне дапамогі саюзьнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Франак Вячорка пра давоскія сустрэчы: Ціханоўская наладзіла кантакт з Джарэдам Кушнерам