Паводле сястры, ейны брат быў увесь «сіні» ад сьлядоў пабіцьця і пакрыты апёкамі ад цыгарэт, ён прасіў перавесьці яго ў іншую турму. У выпадку невыкананьня гэтае просьбы, сказала сястра, мужчына пагражаў скончыць жыцьцё самагубствам.
Брата жанчыны, Аляксея Гарбунова, у кастрычніку перавялі ў магілёўскую турму з папраўчай калёніі № 3, што ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёну. А з 12 лістапада ён знаходзіўся ў ШЫЗА.
Жанчына расказала, што ёй доўга не дазвалялі спатканьня з братам, а калі яно адбылося, наведнікі «былі ў шоку»:
«Увесь сіні. Пасьля канцлягеру людзі выглядалі нашмат лепш, чым зараз утрымліваюцца ў гэтай турме. Зь сінякамі, знаходзіцца ўвесь час у ШЫЗА без матраца, сьпіць на падлозе ў майцы і майтках. На руках апёкі ад цыгарэт», — расказвала сястра.
Прапагандысцкі тэлеграм-канал назваў словы жанчыны хлусьлівымі і паказаў здымкі вязьня, суправадзіўшы іх сьцьверджаньнем, што мужчына цалкам у парадку. Але ёсьць акалічнасьць — прапагандысты склалі гэты адказ толькі праз 10 дзён пасьля зьяўленьня прэтэнзіяў. Яны сказалі, што толькі пасьля таго, як інфармацыя атрымала розгалас, мужчына нібыта ахвотна «пагадзіўся пазаваць у анфас, у профіль і зь сьпіны».
«Перад намі цэлы і здаровы мужчына нармальнай камплекцыі для сваіх росту і ўзросту. Бязь лішняе вагі, але і турма, як вядома, не курорт», — заявілі аўтары допісу.
Дзе і калі сапраўды зробленыя здымкі, дакладна вызначыць немагчыма, адзначаюць праваабаронцы.
Прапагандысты назвалі аўтарку відэа «памочніцай зьбеглых экстрэмістаў» — адзначым, што жанчына ўжо 10 дзён нічога не публікуе ў TikTok. Ці затрымалі яе — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вельмі хачу яго пабачыць». Ці магчыма асудзіць супрацоўніка бабруйскай калёніі Шынвізэ, які пераехаў жыць у Нямеччыну