Мэханізаваную брыгаду, што дысьлякуецца пад Леплем, прывялі ў стан баявой гатоўнасьці

На вайсковых вучэньнях беларускай арміі. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што на палігоне 19-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады 23 студзеня пачалася комплексная праверка баявой гатоўнасьці злучэньня паводле пляну камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

Як адзначаецца ў паведамленьні, вайскоўцы здаюць нарматывы прадметаў баявой падрыхтоўкі, у тым ліку ў рамках комплексных тактычных заняткаў з баявой стральбой.

19-я гвардзейская мэханізаваная брыгада — адно з найбольшых вайсковых фармаваньняў беларускага войска, дысьлякуецца ў Заслонаве пад Леплем Віцебскай вобласьці.

Пазьней дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч паведаміў, што гэтую брыгаду прывялі ў стан баявой гатоўнасьці.

«Згодна з задумамі праверкі, раптоўна прыведзена ў баявую гатоўнасьць у штатах мірнага часу адно з мэханізаваных злучэньняў Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня. Група супрацоўнікаў Дзяржаўнага сакратарыяту прыбыла, уручыла распараджэньне, падпісанае асабіста Аляксандрам Лукашэнкам», — паведаміў Вальфовіч.

Празь нейкі час прэсавая служба Лукашэнкі заявіла, што «ключавая асаблівасьць праверкі — Аляксандар Лукашэнка прыводзіць вайсковыя часткі ў баявую гатоўнасьць наўпрост, без паведамленьня Міністэрства абароны і Генэральнага штабу».

«Мэта — пабачыць аб’ектыўную карціну і рэальны стан войскаў», — адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка асабіста будзе інспэктаваць вайсковыя часткі без папярэджаньня

16 студзеня Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся правесьці маштабную праверку Ўзброеных сілаў Беларусі. Гэтай праверцы папярэднічалі супольныя штабныя вучэньні беларускага войска, якія праводзілі 13–16 студзеня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Паўла Муравейкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвясьціў раптоўную праверку Ўзброеных сіл Беларусі


Папярэдняя маштабная раптоўная праверка Ўзброеных сілаў праходзіла летась ў кастрычніку.

  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.