Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка асабіста будзе інспэктаваць вайсковыя часткі без папярэджаньня


Вайсковая частка ў Печах, ілюстрацыйнае фота
Вайсковая частка ў Печах, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі з выразным акцэнтам на нечаканасьць праводзяць маштабную праверку Ўзброеных сіл.

Як паведаміў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, праверкі будуць ісьці ў некалькі этапаў і без папярэджаньня. Вайсковыя часткі і час інспэкцыяў будуць вызначацца негалосна, а галоўная інтрыга ў тым, што Лукашэнка зьбіраецца ўдзельнічаць у праверках асабіста. Куды і калі ён прыедзе — будзе вырашаць сам.

Асаблівую ўвагу падчас праверкі нададуць ахове вайсковых частак, гатоўнасьці да сучасных пагроз і супрацьдзеяньню дронам. Улічваецца і досьвед вайны ва Ўкраіне, які, як заяўляюць улады, яны аналізуюць і «ўкараняюць» у беларускім войску.

Праверка ўжо пачалася з адной з найбуйнейшых вайсковых частак тэхнічнага забесьпячэньня, дзе на захаваньні стаіць бронетанкавая тэхніка. Туды раптоўна прыехала праверачная група, якая ўручыла камандзіру распараджэньне і адразу заслухала справаздачу.

Вальфовіч адзначыў, што гэтую частку правяралі і раней — у лістападзе мінулага году. Цяпер будуць глядзець, ці выправілі ранейшыя праблемы.

Адна з ключавых практычных частак праверкі — зьняцьце бронетэхнікі з захаваньня. Паводле дзяржаксратара Савету бясьпекі, будуць правяраць, наколькі танкі, БМП і бронетранспартэры могуць быць падрыхтаваныя да выкарыстаньня сіламі самой часткі, без дадатковай дапамогі.

Пасьля гэтага тэхніку чакае кантрольны прабег — каля 15–20 кілямэтраў. Праверка павінна выявіць рэальную баяздольнасьць тэхнікі, якая гадамі стаяла на складах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG