Былая мігрантка з Гвінэі просіць урад Беларусі вярнуць яе дачку, якую ў Менску забралі ў дзіцячы дом. ВІДЭА

Мар’ям Сума. Канакры, Гвінэя. 29 сьнежня 2025 году

23-гадовая грамадзянка Гвінэі Мар’ям Сума, якая знаходзілася ў Беларусі як мігрантка, а потым яе дэпартавалі, у інтэрвію Радыё Свабода заявіла, што зьвяртаецца да ўладаў Беларусі з просьбай вярнуць яе дачку Сабіну.

Мар’ям Сума запэўнівае, што яна і яе вялікая сям’я ў Гвінэі змогуць добра апекавацца Сабінай.

«Я прашу ўлады Беларусі зрабіць усё магчымае, каб зноў узьяднаць мяне з маёй дачкой. Я вельмі хачу, каб мая дачка стала інжынэрам. Таму я прашу ўлады Беларусі зрабіць усё магчымае, каб зноў узьяднаць мяне з маёй дачкой. Гэта тое, чаго я хачу зараз. Фактычна я хачу рашэньняў ад уладаў Беларусі і міжнародных уладаў».

З словаў самой Мар’ям і прадстаўнікоў праваабарончых групаў, якія заняліся яе справай, у 2025 годзе ўлады Беларусі дэпартавалі яе ў Гвінэю, а нованароджанае дзіця пакінулі ў Менску.

Мар’ям Сума паказвае фота дачкі Сабіны. Канакры, 29 сьнежня 2025 году

Яе дачка Сабіна нарадзілася ў лістападзе 2024 году неданошанай, яна важыла ўсяго 600 грамаў, кажа маці.

Падчас датэрміновых родаў і кесаравага сячэньня беларускія лекары выратавалі жыцьці маці і дачкі.

Пасьля выхаду з шпіталя Мар’ям удалося пабачыць сваю маленькую дачку некалькі разоў, пакуль тая была ў дзіцячым шпіталі.

Сабіна Сума ў Беларусі

«І яны сказалі мне: «Так, давай, я табе пакажу». У першы дзень, калі я нарадзіла дзіця, у мяне былі сьлёзы на вачах. А тады лекар сказаў мне прыкласьці руку да цела дзіцяці. Я спалохалася, бо ўпершыню бачу дзіцятка такое — маленькае, неданошанае, як яно? Я яму гэта кажу. — «Не, нічога страшнага». — А я кажу яму: «Але ці заўсёды можна будзе яе бачыць, прыходзіць і глядзець?» Мне сказалі: «Так, можна, вы можаце прыходзіць заўсёды».

Калі Сабіне было чатыры месяцы, яе перавялі ў дзіцячы дом у Менску, а маці да яе ўжо больш не пусьцілі.

Мар’ям Сума. Канакры, Гвінэя. 29 сьнежня 2025 году

Мар’ям кажа, што тады ў Беларусі зь яе запатрабавалі за лячэньне дзіцяці больш за 30 тысяч даляраў. Яна сьцьвярджае, што на той час сама мела ў Беларусі гадавую мэдычную страхоўку.

Мар’ям Сума з Гвінэі ў менскім шпіталі

Мар’ям прызнае, што хацела празь Беларусь трапіць у Эўразьвяз, каб вучыцца, хацела лепшага жыцьця. Але адмаўляе, што хацела нелегальна пераходзіць мяжу недзе ў лесе.

Пазьней, як кажа Мар’ям, беларускія міграцыйныя службы прызналі, што яе дазвол на жыхарства скончыўся і што яна парушыла закон. Яе арыштавалі на месяц, а потым адвезьлі ў аэрапорт, прымусілі сесьці ў самалёт без дачкі і дэпартавалі з краіны.

Калі Мар’ям зноў трапіла ў Гвінэю, яна пачала шукаць дапамогі ў справе вяртаньні дачкі ў дыпляматаў, праваабаронцаў і UNICEF (Дзіцячага фонду ААН).

Менавіта UNICEF дапамог Мар’ям зноў пабачыць сваю дачку, але толькі празь відэасувязь зь дзіцячым домам у Менску. Гэта адбылося два разы. Але ў сьнежні і гэты канал сувязі прыпыніўся.

Мар’ям кажа, што хоча зьвярнуцца да ўраду Беларусі зь лістом, але ня ведае, як гэта зрабіць, і тут яна спадзяецца на дапамогу дыпляматаў Гвінэі ў Маскве. Шукае добрых людзей, гатовых дапамагчы ёй вярнуць дачку ці хаця б убачыць яе.

Сабіна Сума ў Беларусі. Архіўнае фота

У сьнежні 2025 году прадстаўнікі UNICEF, якія наведалі дзіцячы дом у Менску, сказалі ёй, што Сабіна пачуваецца добра, добра есьць, цяпер стан яе здароўя нармальны, яна пачала хадзіць на карачках. Сабіне цяпер год і 2 месяцы.

Што кажуць дыпляматы і праваабаронцы

Экспэрты ААН назвалі паведамленьні аб прымусовым разлучэньні «надзвычай трывожнымі».

Пасольства Гвінэі ў Маскве, якое адказвае і за кантакты зь Беларусьсю, паведаміла AFP, што сочыць за гэтай справай зь «вялікай гуманітарнай заклапочанасьцю» і патрабуе «тлумачэньняў».

Мар’ям Сума гатуе каля свайго дому

Амбасада заявіла, што Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) у Беларусі , які паведаміў агенцтву AFP, што ня можа камэнтаваць асобных выпадкаў, ведае пра сытуацыю і можа дапамагчы арганізаваць «гуманітарную падтрымку» для дзіцяці.

Улады Беларусі не адказалі на запыт AFP аб камэнтары.

Група абароны правоў выгнаньнікаў Human Constanta, якая сочыць за правамі мігрантаў у Беларусі, раскрытыкавала жорсткую рэакцыю ўладаў, назваўшы правапарушэньне адміністрацыйным, а не крымінальным.

«Ім проста было ўсё роўна, і яны разлучылі маці і дзіця», — сказала Эніра Браніцкая з Human Constanta, назваўшы гэты працэс «маніпуляцыйным».

«Пагражаць маці тым, што ёй не аддадуць дзіця, вядома, незаконна», — сказала Браніцкая, бо афіцыйнага рашэньня аб пазбаўленьні Мар’ям бацькоўскіх правоў не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігрантку з Гвінэі дэпартавалі зь Беларусі, а яе дачку забралі ў дзіцячы дом у Менску