У Беларусі дазволілі правяраць дазволы ў замежных перавозьнікаў непасрэдна на мытні

Фуры каля дзяржаўнай мяжы, архіўны здымак

Раней гэта можна было рабіць толькі на дзяржаўнай мяжы.

Беларускім мытным органам далі права правяраць дазволы замежных перавозьнікаў ня толькі на мяжы, але і ў пунктах мытнага афармленьня. Гэта прадугледжана ўказам, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 22 студзеня, піша тэлеграм-канал ягонай прэс-службы.

Указ мае на мэце ўдасканаленьне дзейнасьці мытных органаў. Ён надае мытнікам дадатковыя паўнамоцтвы.

У прыватнасьці, цяпер яны змогуць правяраць дазволы замежных перавозьнікаў на праезд празь Беларусь, ужо на ведамасных пунктах мытнага афармленьня.

Раней мытныя органы маглі праводзіць такія праверкі толькі на мяжы. Навацыя, гаворыцца ў дакумэнце, «павысіць эфэктыўнасьць кантролю за міжнародным аўтамабільным транспартам у Беларусі».

Нагадаем, што Літва і Беларусь ужо некалькі месяцаў ня могуць разьвязаць праблему літоўскіх перавозьнікаў, машыны якіх прымусова адправілі на стаянкі пасьля рашэньня Літвы часова закрыць дзяржаўную мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы рэкамэндавала перавозьнікам падаваць пазоў на беларускі, а не літоўскі ўрад


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія перавозьнікі: «Зь лістапада ніякіх зрухаў няма, з абодвух бакоў цішыня — нібыта і няма нашай праблемы»