Мікалая Аўтуховіча зноў адправяць з калёніі на турэмны рэжым

Мікалай Аўтуховіч пасьля вызваленьня з горадзенскай турмы ў 2014 годзе, калі скончыўся тэрмін ягонага другога зьняволеньня

Палітвязьня Мікалая Аўтуховіча на тры гады адправяць для адбыцьця пакараньня ў крытую турму. Гэтак вырашыў выязны суд, які прайшоў 23 студзеня ў калёніі № 14, якая месьціцца ў пасёлку Навасады непадалёк ад Барысава.

Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца, дасьведчаная ў справе Мікалая Аўтуховіча. Паводле крыніцы, суд над Аўтуховічам адбываўся цягам двух дзён, 20 і 23 студзеня.

За якія парушэньні Аўтуховіча пакаралі новым пераводам на турэмны рэжым, крыніцы нявядома. Паводле яе, у ПК-14 палітвязень адбыў 7 содняў у ШЫЗА, пасьля чаго скардзіўся на тое, што застудзіў вуха.

Пакуль невядома, ці будзе Мікалай Аўтуховіч абскарджваць рашэньне суду аб пераводзе яго на турэмны рэжым.

У калёнію Аўтуховіча перавялі пры канцы 2025 году з горадзенскай турмы, дзе ён адбываў пакараньне пасьля прысуду.

Яго затрымалі ў сьнежні 2020 году і ў кастрычніку 2022-га асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з такімі цяжкімі, як «акт тэрарызму» і «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», за якія прадугледжана нават сьмяротнае пакараньне. Паводле выраку, першыя 5 гадоў ён мусіў адбыць на турэмным рэжыме.

Гэта ўжо трэцяе зьняволеньне Мікалая Аўтуховіча. Першае было з кастрычніка 2005 году да студзеня 2008-га. Другое — зь лютага 2009-га да красавіка 2014 году, прычым больш за два гады да канца тэрміну ён правёў у горадзенскай турме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць драматычных і кранальных гісторыяў беларускіх палітвязьняў у 2025 годзе

Калёнія №14 у Навасадах разьлічаная на ўтрыманьне каля 3 тысяч паўторна асуджаных, у тым ліку рэцыдывістаў, якім прызначаны строгі рэжым. Вядома, што калёнія спэцыялізуецца на мэталаапрацоўцы. На яе базе працуе дзяржаўнае прадпрыемства «Чатырнаццаць», якое вырабляе запчасткі да трактарнай тэхнікі, мэблі, а таксама будаўнічыя тавары. Яшчэ летась у гэтай калёніі адбываў пакараньне былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, якога дэпартавалі зь Беларусі ў верасьні разам зь яшчэ 50 былымі палітвязьнямі.

У якую вязьніцу цяпер перавядуць на турэмны рэжым Мікалая Аўтуховіча пакуль невядома. Гэта можа зноў быць горадзенская турма, дзе Аўтуховіч ужо адбыў больш за 3 гады, альбо турмы ў Магілёве і Жодзіне.

Мікалай Аўтуховіч — вэтэран аўганскай вайны, былы прадпрымальнік і грамадзкі дзеяч, яму 63 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасіў не перажываць за яго». Мікалай Аўтуховіч сустрэў за кратамі 63 гады