Стала вядома, хто стаіць за Times.by, новым фармальна незалежным мэдыя ў Беларусі

Заснавальнік Synesis Group Аляксандар Шатроў. Архіўнае фота

«Бюро» знайшло факт, які паказвае, што выданьне Times.by зьвязана з групай кампаніяў «Сінезіс».

На зьяўленьне ў Беларусі новага мэдыя зьвярнула ўвагу група беларускіх расьсьледнікаў «Бюро».

«У Беларусі зьявілася новае СМІ — Times.by. Выданьне пазыцыянуе сябе як „мультымэдыйны інтэрнэт-рэсурс пра самае важнае і цікавае ў Беларусі і сьвеце“. Выданьне належыць ЗАТ „Таймс Медыа Груп“. Яно была зарэгістравана ў ліпені 2025 году. Паводле інфармацыі „Бюро“, летась уладальнікі групы кампаніяў „Сінезіс“ вырашылі стварыць уласнае буйное СМІ, каб стварыць канкурэнцыю недзяржаўным выданьням, якія застаюцца ў Беларусі», — паведамляе Бюро расьсьледнікаў.

«Бюро» знайшло факт, які паказвае на тое, што выданьне Times.by зьвязана з групай кампаніяў «Сінезіс». Пры рэгістрацыі дамэну times.by быў указаны адрас электроннай пошты times@altezza.org. Гэты дамэн выкарыстоўваецца як карпаратыўная пошта ў структурах, зьвязаных зь «Сінезісам», — паведамляюць расьсьледнікі.

Synesis — беларуская група IT-кампаніяў, якая знаходзіцца ў санкцыйных дакумэнтах ЭЗ і Вялікай Брытаніі і апісваецца як пастаўнік тэхналёгіяў відэаназіраньня і відэааналітыкі (уключаючы магчымасьці распазнаваньня асобы) для дзяржаўных сыстэмаў, якія выкарыстоўваюць сілавыя структуры.

У абгрунтаваньні Вялікай Брытаніі наўпрост гаворыцца аб пастаўках плятформы Kipod у складзе Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі (РСМГБ), якія выкарыстоўваюць сілавыя органы Беларусі. Саму сыстэму ўжываюць у рэпрэсіўных мэтах. За гэта Synesis падпала пад санкцыі ЭЗ і Вялікай Брытаніі ў сьнежні 2020 году, а таксама была ўключана ў санкцыйныя сьпісы OFAC/SDN у ЗША.

Як стала вядома «Бюро», галоўная рэдактарка Times.by — Алена Круталевіч, былая галоўная рэдактарка БелТА, атрымала ў 2025 годзе асабістую падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктар — Аляксандар Марцінкевіч, былы намесьнік кіраўніка ПВТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Лёндане адхіліў пазоў беларуска-расейскай кампаніі Synesis аб скасаваньні накладзеных на яе санкцый

Што вядома пра Synesis

Synesis зарэгістраваная ў расейскім інавацыйным цэнтры «Сколкава», яна рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгіяў Беларусі.

Раней Суд Эўрапейскага Зьвязу адхіліў пазоў беларуска-расейскай IT-кампаніі Synesis і яе ўласьніка Аляксандра Шатрова аб скасаваньні санкцыяў, уведзеных у 2020 годзе за ўдзел у рэпрэсіях Аляксандра Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасьці.

IT-кампанія Synesis зь сьнежня 2020 году знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.

Раней кампанія спрабавала скасаваць санкцыі, уведзеныя з гэтай жа прычыны ўрадам Вялікай Брытаніі, аднак суд у Лёндане таксама не задаволіў іхнага пазову. Судзьдзя абгрунтаваў адмову задаволіць пазоў тым, што замежнапалітычнае ведамства не было абавязанае мець доказы дачыненьня Synesis да сачэньня за пратэстоўцамі, яму было дастаткова «абгрунтаваных падазрэньняў».

  • ТАА «Сінезіс» — міжнародная тэхналягічная кампанія, заснаваная ў 2007 годзе ў Менску. Цяпер мае цэнтры распрацоўкі ў Менску і Маскве. Рэзыдэнт беларускага Парку высокіх тэхналёгій і расейскага інавацыйнага цэнтру «Сколкава».
  • Спэцыялізуецца на распрацоўцы плятформаў для кантролю грамадзкай бясьпекі і кіраваньня масавымі мерапрыемствамі, а таксама онлайн-гульняў, мабільных праграм і чат-ботаў.
  • Эўразьвяз наклаў санкцыі на Synesis 17 сьнежня 2020 году ў сувязі з тым, што кампанія надавала ўладам Беларусі сыстэмы відэаназіраньня з распазнаньнем твараў. Гэта расцанілі як датычнасьць да рэпрэсіяў, якія вядзе дзяржаўны апарат Беларусі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі.
  • На наступны дзень да санкцыяў Эўразьвязу далучылася Вялікая Брытанія.
  • 17 траўня 2022 году санкцыі супраць Synesis увяла Новая Зэляндыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу