Зьвесткі аб унясеньні кагосьці ў сьпісы так званых «экстрэмістаў» у Беларусі публікуе Міністэрства ўнутраных справаў. Робіць гэта раз на некалькі месяцаў, часам, акрамя афіцыйнага сайту ведамства, абнаўленьні таксама публікуюцца ў яго тэлеграм-канале. Навіны аб прызнаньні «экстрэмісцкімі» сайтаў ці матэрыялаў публікуе Міністэрства інфармацыі. Робяць гэта таксама пэрыядычна. Праз архаічныя спосабы захаваньня зьвестак шукаць абнаўленьні ў іх складана, з гэтым не заўсёды спраўляецца нават штучны інтэлект. Так было да пачатку 2026 году, пакуль не зьявіўся сайт ekstremisty.xyz
«Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства інфармацыі публікуюць „экстрэмісцкія сьпісы“ ў велізарных дакумэнтах. Мы апрацоўваем гэтыя файлы штодня і робім пошук людзей, арганізацыяў і матэрыялаў зручнейшым, — гаворыцца ў апісаньні праекту. — Мы ня ведаем, што ці каго вы шукаеце. Калі вы адкрываеце старонку са сьпісам, мы сьцягваем усе запісы, таму, калі вы шукаеце штосьці, нам ня трэба нікуды дасылаць ваш запыт, усё адбываецца ў вашым браўзэры. Каб праверыць, вы можаце выключыць wi-fi перад пошукам. Ніякага трэкінгу ў нас няма і ня будзе».
На сайце дасяжныя тры разьдзелы: «Людзі», «Арганізацыі» і «Матэрыялы». У кожным адпаведная інфармацыя, ёсьць радок пошуку. Адзін з стваральнікаў праекту на ўмовах ананімнасьці пагадзіўся пагаварыць пра яго з Свабодай.
«Я пэрыядычна шукаў інфармацыю пра сябе ці знаёмых у гэтых сьпісах, — расказвае суразмоўца. — І гэта было вельмі нязручна. На сайце МУС, напрыклад, яны абнаўляюць сьпісы „экстрэмістаў“ у звычайных вордаўскіх файлах. Нават не ў эксэлі. Проста заладоўваюць туды файл у вордзе. Цяжка знайсьці нешта, трэба чытаць цалкам увесь файл. Так паступова зьявілася ідэя аб’яднаць усё. Наш праект пакуль няпоўны. Спачатку мы думалі скласьці толькі сьпіс людзей, пасьля дадаліся яшчэ матэрыялы. Мы будзем дапаўняць яго, вядома, ідэі ўжо ёсьць».
Ілюстрацыйнае фота
Суразмоўца расказвае, што першыя працы над праектам пачаліся летам, тады ўсё адбывалася павольна. Але агулам каманда зрабіла ўсё прыкладна за тыдзень, калі лічыць толькі час актыўнай працы. У будучыні да сьпісу «экстрэмістаў» на сайт могуць быць дадаць «тэрарыстаў» і іншыя базы зьвестак аб «ворагах дзяржавы», складзеныя сілавымі структурамі Беларусі.
Важны прынцып для аўтараў сайту — немагчымасьць адсочваць яго наведнікаў. А іх у першыя дні працы праекту аказалася шмат.
«Пасьля запуску ўжо былі дзясяткі тысяч наведваньняў, — расказвае Свабодзе сваральнік праекту. — Мы ня будзем адсочваць, хто і адкуль заходзіць на наш сайт — нічога такога. Але агульную лічбу наведнікаў магу назваць вось у такім памеры. Гэта тыя, хто адкрываў старонкі на нашым сайце. Больш пра іх я не хацеў бы нічога ведаць».
Суразмоўца дадае, што ня думаў, ці будуць шукаць «экстрэмістаў» з дапамогай ягонага сайту самі сілавікі. Праект адкрыты для ўсіх, таму тэарэтычна ім могуць карыстацца нават тыя, хто сам складае «экстрэмісцкія сьпісы» або імі карыстаецца дзеля патрэбаў улады ці ў ідэалягічных мэтах.
Афіцыйнай адкрытай статыстыкі аб беларускіх «экстрэмістах» пакуль няма. Нядаўна пэўныя зьвесткі агучыла горадзенская суддзя Алена Тоўсьцік-Самойла. Паводле яе, часьцей за ўсё на лаве падсудных з абвінавачаньнем у «распаўсюдзе экстрэмізму» апынаюцца мужчыны ад 30 да 49 гадоў, якія маюць сярэднюю спэцыяльную або вышэйшую адукацыю. Яны маюць працу, раней мелі пераважна дробныя парушэньні.
«У маёй практыцы часта гучыць адзін і той жа аргумэнт: „Я не надаваў значэньня важнасьці сваіх учынкаў“. Людзі сьцьвярджаюць, што не задумваліся, як іх рэпост можа паўплываць на іншых карыстальнікаў. Але закон суровы: няведаньне або няпамятлівасьць не вызваляюць ад адказнасьці», — сказала судзьдзя Тоўсцік-Самойла.
Паводле каманды праекту ekstremisty.xyz, яны пакуль не адсочвалі статыстыку аб беларусах, прызнаных «экстрэмістамі», але гэта магчыма зрабіць, разьвіваючы сайт далей.
Зараз у адмысловым статыстычным разьдзеле сайту можна пабачыць, што сапраўдны выбух «экстрэмізму» сярод беларусаў адбыўся ў канцы 2022 году, а прызнаньне апублікаваных у інтэрнэце матэрыялаў «экстрэмісцкімі» стала масавай зьявай пачынаючы з канца 2021 году.
«Праект будзе абнаўляцца, — кажа стваральнік сайту ekstremisty.xyz. — Ёсьць ідэі, як зрабіць яго больш зьмястоўным, цікавым. Зараз проста хацелася хутчэй яго запусьціць. Далей будзем разьвіваць, вядома. Мне хацелася б, каб нашым праектам карысталіся ў тым ліку дасьледнікі, каб яны дасылалі запыты аб той ці іншай інфармацыі ў гэтых „экстрэмісцкіх сьпісах“. Мы маем усю статыстыку, можам гэта апрацоўваць, будзем радыя дапамагчы».
Сайт створаны і ўтрымліваецца за ўласныя сродкі яго каманды. Як паведамілі Свабодзе стваральнікі, яны будуць радыя ахвяраваньням і пазначылі на сваёй старонцы, як іх можна зрабіць, але маюць намер працаваць над праектам далей у кожным разе.