Як адзначаецца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры Беларусі, пракуроры выявілі, што арганізацыі, якія паводле сваёй кампэтэнцыі павінны абслугоўваць жылыя дамы і будынкі, не прымаюць дастатковых мераў па добраўпарадкаваньні і ўтрыманьні аб’ектаў па вуліцах Багдановіча, Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай і Зыбіцкай у Менску ў цяжкай мэтэаралягічнай сытуацыі.
Па выніках праверкі пракуратура Цэнтральнага раёну Менску накіравала прадпісаньні на адрас дырэктараў абслугоўваючых арганізацый, у тым ліку камунальных службаў, у якіх патрабавала тэрмінова прыняць меры па ачыстцы дахаў і фасадаў будынкаў ад сьнегу, наледзі і ледзяшоў.
Увечары 20 студзеня камунальнікі Менску паведамілі, што на ачыстцы дахаў ад сьнегу і наледзі працуюць 16 адзінак тэхнікі і 129 рабочых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пад сьнегам: небясьпека падсьцерагае над галавой і пад нагамі17 студзеня каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску на 17-гадовую дзяўчыну звалілася глыба сьнегу і наледзі з даху будынку. Пацярпелая ў шпіталі. Для вызначэньня цяжкасьці траўмаў прызначаная судова-мэдычная экспэртыза.
Як паведамляюць сьледчыя, у момант здарэньня на даху гандлёвага цэнтру ішла ачыстка ад сьнегу і лёду. Пры гэтым месца, адкуль мог сыходзіць сьнег, належным чынам агароджана не было.
Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за прычыненьне цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці.