У суботу ўвечары каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску на 17-гадовую дзяўчыну звалілася глыба сьнегу і наледзі з даху будынку. Пацярпелая ў шпіталі. Для вызначэньня цяжкасьці траўмаў прызначаная судова-мэдычная экспэртыза.
Як паведамляюць сьледчыя, у момант здарэньня на даху гандлёвага цэнтру ішла ачыстка ад сьнегу і лёду. Пры гэтым месца, адкуль мог сыходзіць сьнег, належным чынам агароджана не было.
Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за прычыненьне цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці.
У Смалявічах 17 студзеня дзьве дзяўчынкі праваліліся ў адкрытыя люкі. Напярэдадні там працавала сьнегаўборачная тэхніка, якая выпадкова сьцягнулі накрыўкі з каналізацыйных калодзежаў.
Сяброўкі гулялі па вуліцы, і раптам адна правалілася пад зямлю. Другая, кінуўшыся на дапамогу, трапіла ў суседні каналізацыйны калодзеж. Маці адной з дзяўчынак расказала, што ім удалося выбрацца самастойна, яны не параненыя.
За апошні тыдзень Беларусь накрыла незвычайна халоднае і сьнежнае надвор’е. Тэмпэратура ў многіх рэгіёнах апускалася значна ніжэй за кліматычную норму, ішлі моцныя сьнегапады, утварылася наледзь. Кліматолягі адзначаюць, што такіх маразоў да -27 не было ад лютага 2021 году. Небясьпека сыходу сьнегу і лёду асабліва вялікая ў гарадах, каля гандлёвых і офісных цэнтраў.
Сьледчы камітэт нагадвае: варта быць уважлівымі і трымацца далей ад будынкаў, з дахаў якіх можа сысьці сьнег або лёд.
Рэкамэндацыі:
- Глядзець угару: перш чым ісьці ўздоўж будынка або паркаваць машыну, пераканацца што на даху няма сьнежных «шапак».
- Калі тэрыторыя абгароджаная стужкай, абыходзіць яе. Тлумачыць дзецям, што гуляць ля сьцен дамоў зімой небясьпечна.
- Здымаць навушнікі, каб пачуць папераджальны трэск або крыкі мінакоў.
- Кіраўнікам арганізацыяў — своечасова чысьціць дахі і агароджваць працоўныя зоны.
Форум