Сабаленка спыніла палітычныя размовы пасьля закліку ўкраінкі да забароны на ўдзел беларусак у гульнях, але выказалася за мір

Арына Сабаленка, архіўнае фота

Першая ракетка сьвету Арына Сабаленка ў сераду 21 студзеня заявіла, што «ня хоча гаварыць пра палітыку» пасьля таго, як украінка Аляксандра Алійнікава заклікала да забароны беларускім і расейскім гульцам займацца тэнісам.

25-гадовая Аляксандра Алійнікава, бацька якой ваюе на перадавой ва Ўкраіне, заявіла ў аўторак, што прысутнасьць гульцоў з гэтых дзьвюх краін «вельмі няправільная», пакуль працягваецца канфлікт, піша AFP.

Алійнікава, пасьля паразы ад дзейнай чэмпіёнкі Мэдысан Кіз у сваім дэбютным матчы Вялікага шлема, на прэс-канфэрэнцыі была ў футболцы з надпісам:

«Мне патрэбная ваша дапамога, каб абараніць украінскіх жанчын і дзяцей, але я не магу гаварыць пра гэта тут».

Згодна з правіламі турніраў Вялікага шлема, гульцам забаронена рабіць палітычныя заявы на месцах правядзеньня спаборніцтваў.

Аляксандра Алійнікава

Але ў інтэрвію мэльбурнскай газеле The Age яна выказала непрыязнасьць расейскім і беларускім гульцам, якія спаборнічаюць пад нэйтральным белым сьцягам.

«Я лічу, што вельмі няправільна, што іх не дыскваліфікуюць у тэнісе, як у іншых відах спорту, — сказала яна. — Таму што я ведаю, што вось карціна, якая ў нас ёсьць, як і ва ўсіх тэнісістак, якія гуляюць, але людзі ня бачаць таго, што за гэтым стаіць».

Сабаленка, якая паходзіць зь Беларусі, раней заяўляла, што спорт «ня мае нічога агульнага з палітыкай», і ў сераду паўтарыла сваю пазыцыю.

«Я шмат казала пра гэта раней, відавочна, — сказала першая ракетка сьвету пасьля таго, як з посьпехам прайшла ў трэці раўнд. — Я хачу міру, і калі б я магла што-небудзь зьмяніць, я б абавязкова гэта зрабіла. Акрамя гэтага, мне больш няма чаго сказаць».

На заклік Алійнікавай дыскваліфікаваць яе яна адказала: «Я тут дзеля тэнісу. Гэта тэніснае мерапрыемства». Я ўжо дастаткова казала ў мінулым і проста не хачу тут гаварыць пра палітыку».

Беларусь — блізкі саюзьнік Расеі. Алійнікава сказала, што не размаўляла з расейскімі і беларускімі гульцамі ў распранальнях або на трэніровачных пляцоўках.

«Я зь імі не размаўляю. Але, ведаеце, людзі пра гэта не інфармаваныя, і калі мне трэба будзе сказаць, я скажу, бо лічу гэта несправядлівым».

У адрозьненьне ад іншых прафэсійных украінскіх тэнісістак, Алійнікава жыве і трэнуецца на радзіме, нягледзячы на пастаянную пагрозу расейскіх нападаў. Незадоўга да прыезду ў Аўстралію ўраджэнка Кіева ледзьве не пацярпела падчас аднаго з такіх нападаў.

«Непадалёк ад майго дома адбыўся выбух, а бесьпілётнік ударыў па доме праз дарогу, — сказала яна.— Мая кватэра літаральна дрыжала з-за выбуху».

Яе суайчыньніца Марта Касьцюк таксама адкрыта выказвалася пра вайну і адмаўляецца паціскаць рукі расейскім і беларускім гульцам, апошнім разам з Сабаленкай пасьля паразы ў фінале Міжнароднага турніру ў Брысбене.

Яшчэ адна ўкраінка Эліна Світоліна сказала, што важна трымаць канфлікт у полі зроку грамадзкасьці.

«Вайна працягваецца ўжо чатыры гады. Мы шмат разоў пра гэта казалі», — сказала 12-я ракетка сьвету ў сераду пасьля таго, як далучылася да Сабаленкі ў трэцім раўндзе.

«Для мяне гэтая тэма ўжо зьнікла. Пазіцыя ўжо прынятая. WTA і ATP прынялі рашэньне», — дадала яна, маючы на ўвазе дазвол расейскім і беларускім тэнісісткам да ўдзелу ў спаборніцтвах.

«Зараз мы можам выйсьці на пляцоўку, паспрабаваць добра выступіць, прадставіць сваю краіну належным чынам і не забываць, што мы можам выкарыстоўваць свае галасы, каб дапамагчы, прыцягнуць увагу да нашай радзімы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслабленьне санкцый МАК, футбольны клюб дыяспары, мэдаль Жодзік. Вынікі 2025 году для беларускага спорту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сабаленка выйграла чарговы міжнародны турнір, абышоўшы Азаранку і заняўшы трэцяе месца сярод актыўных тэнісістак па колькасьці тытулаў